СЛЯПЯНСКАЯ ВОДНАЯ СІСТЭМА, сістэма штучных водных каналаў, вадасховішчаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў ва ўсходняй частцы Мінска
pdf

СЛЯПЯНСКАЯ ВОДНАЯ СІСТЭМА

Дата стварэння: 07.08.2025 15:26:23

Дата змены: 12.02.2026 14:23:58


Сляпя́нская во́дная сістэ́ма

Сістэма штучных водных каналаў, вадасховішчаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў ва ўсходняй частцы Мінска; уваходзіць у склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Пабудавана ў 1977–1988 гг. Уключае вадасховішча Дразды, шэраг вадаводаў, вадасховішча Цнянскае, закрыты калектар на водападзеле рэк Свіслач і Слепня (Сляпянка), вадаём у мікрараёне Зялёны Луг, сістэму каналаў у даліне ракі Слепня і вадасховішча Чыжоўскае; апярэзвае тэрыторыю горада плошчай каля 90 км². Вада з вадасховішча Дразды па напорным трубаправодзе падаецца ў наліўное вадасховішча Цнянскае, адкуль праз сістэму каналаў і вадаёмаў і былое рэчышча ракі Слепня самацёкам паступае ў вадасховішча Чыжоўскае. Усяго створана 13 вадаёмаў (плошча ад 0,2 да 6,4 га, глыбіня 0,8–2 м).

Агульная даўжыня воднай сістэмы 26 км. Перапад вышынь 25 м. Прапускная здольнасць сістэмы 1,5 м³/с. Абʼём гадавога сцёку каля 8 млн м³.

Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння прамысловых прадпрыемстваў, камунальнай гаспадаркі і воднага добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый, рэкрэацыі.