Дата стварэння: 14.10.2024 10:14:40
Дата змены: 23.03.2026 10:42:51
Кана́лы
Штучна створаныя водныя артэрыі з рэчышчам правільнай, звычайна трапецападобнай, формы ў земляной упадзіне або насыпе.
Каналы дзеляцца: па прызначэнні на арашальныя, асушальныя, водападвадныя, энергетычныя, лесасплаўныя, суднаходныя, рыбаводныя, комплекснага прызначэння; па спосабе падачы вады — на самацёчныя або з механічнай падачай вады; па форме папярочнага сячэння — на трапецападобныя, прамавугольныя, парабалічныя, поліганальныя.
Асушальныя каналы падраздзяляюцца на магістральныя, нагорныя, нагорна-лоўчыя, лоўчыя, скідныя, падвадныя, адводныя і інш.
У Беларусі каналы ўпершыню пракладвалі на месцах (волаках), дзе перацягваліся судны з аднаго басейна ракі ў іншы. Часам у склад такіх шляхоў уваходзіла цэлая сістэма каналаў, рэк і азёр: Аўгустоўская (злучае Аўгустоўскі канал, басейны рэк Вісла і Нёман); Бярэзінская водная сістэма; Агінская водная сістэма (злучае рэкі Шчара і Ясельда, Выганашчанскае возера, Агінскі канал і Дняпроўска-Бугскі канал).
У выніку першых асушальных работ у 1873–1898 гг. пракапана больш за 4 тыс. км каналаў. Шырокамаштабнае будаўніцтва меліярацыйных каналаў пачата ў 1960‑я гг. У Беларусі сетка меліярацыйных каналаў мае агульную працягласць каля 170 тыс. км. Пераважаюць асушальныя каналы. Найбуйнейшыя з іх — Слаўкавіцка-Ямінскі, Ду́байскі, Заазёрская канава.
Гушчыня адкрытай асушальнай сеткі ў сярэднім складае 0,77 км/км², што перавышае гушчыню рачной сеткі натуральнай у 1,8 раза, а на асобных вадазборах Палесся — у 2,5–4 раза. Хуткасць цячэння ў каналах змяняецца ад 0,3 да 1,4 м/с.
У 1974–1978 гг. створаны суднаходны Мікашэвіцкі канал. Сістэмы каналаў і вадасховішчаў утвараюць Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма. У мэтах развіцця турызму ў 2004–2006 гг. рэканструяваны Аўгустоўскі канал, у 2004–2005 гг. распрацаваны абгрунтаванні інвестыцый у рэканструкцыю Бярэзінскай воднай сістэмы. У 1996–2009 гг. праектна-пошукавае РУП «Белгіправадгас» распрацавала праекты рэканструкцыі састарэлых меліярацыйных сістэм.