Дата стварэння: 21.05.2025 15:48:10
Дата змены: 20.03.2026 15:25:59
Аўгусто́ўскі кана́л
Канал у Гродзенскім раёне Беларусі і Падляскім ваяводстве Польшчы. Злучае рэкі Нёман і Бебжа (басейн ракі Вісла). Даўжыня 101,2 км, на тэрыторыі Беларусі каля 22 км.
Пачынаецца з возера Серва недалёка ад польскага горада Аўгустаў.
Утвораны з сістэмы каналаў, азёр (Нецка, Бяле і іншых на тэрыторыі Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і праток паміж азёрамі.
Помнік гідратэхнічнага будаўніцтва 1‑й палавіны XIX ст. Ідэя стварэння канала належыць міністру фінансаў Царства Польскага князю Ф. К. Друцкаму-Любецкаму. Аўтар праекта і кіраўнік будаўніцтва — інжынер-падпалкоўнік І. Прандзінскі, выканаўца — Я. Малецкі. Будаўніцтва працягвалася з 1824 па 1839 г. Канал прызначаўся для суднаходства і лесасплаву з басейна ракі Дняпро (па Дняпроўска-Бугскім канале) цераз рэкі Вісла і Нёман да Балтыйскага мора. Штучныя каналы агульнай даўжынёй каля 45 км звязалі ў адзінае цэлае больш за 35 км рэчышчаў рэк і 21 км паверхняў азёр, знівеліраваўшы 54‑метровы перапад адзнак воднага люстэрка. З развіццём чыгуначнага транспарту канал страціў сваю ролю, пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі не функцыянаваў.
У 2004–2006 гг. праведзена рэканструкцыя беларускай часткі Аўгустоўскага канала. Польская частка адрэстаўравана ў 1960–1980‑я гг.
Работы па развіцці тэрыторый, прылеглых да беларускай часткі Аўгустоўскага канала, ажыццяўляліся ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2004 г. № 2 «Аб арганізацыі работ па рэканструкцыі часткі Аўгустоўскага канала», вяліся на падставе чарцяжоў і планаў XIX ст. Удалося захаваць аўтэнтычныя часткі шлюзаў: выкарыстоўваліся метады ўмацавання рэчышча, распрацаваныя яшчэ ў часы І. Прандзінскага. Аднак першапачатковага выгляду дасягнуць было немагчыма: за мінулыя 180 гадоў узровень вады ў Нёмане панізіўся на 2 м, яго рэчышча змяніла кірунак, канал стаў даўжэйшы на 1,8 км. Новае рэчышча праклалі па старыцы. Працягласць канала пасля рэканструкцыі (2004–2005) каля 25 км. Тут знаходзяцца 2 плаціны і 4 шлюзы, у т. л. адзіны 4‑камерны ў вёсцы Нямнова (чацвёртая камера дабудавана ў 2005). У раёне канала пракладзены дарогі, пабудавана 9 прычалаў, паромная пераправа каля вёскі Лясная.
На тэрыторыі Беларусі канал уключае ніжнюю частку ледніковай даліны і натуральнага рэчышча ракі Чорная Ганча даўжынёй 9 км (паміж вёскамі Лясная і Сонічы) і асобнае штучнае рэчышча даўжынёй 6 км, якое злучае гэту раку з ракой Нёман каля вёскі Нямнова. У складзе канала 18 шлюзаў.
Глыбіня ў час функцыянавання 1,8 м. Да правага берага канала прылягае Гродзенскае ўзвышша (у раёне гарадскога пасёлка Сапоцкін адносная вышыня дасягае 200–210 м), левы бераг размешчаны ў зоне плоскага літоўска-беларуска-польскага Паазерʼя.
У 2007 г. на тэрыторыі дзяржаўных батанічных заказнікаў дзікарослых лекавых раслін «Гожаўскі» і «Сапоцкінскі» быў створаны ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Гродзенская пушча». Тут знаходзяцца рэдкія ландшафтныя комплексы, якія маюць першараднае прыродаахоўнае значэнне і высокую рэкрэацыйную значнасць і перспектывы для развіцця турызму: даліна ракі Шляміца (ад возера Шлямы да ўпадзення яе ў раку Марыха); даліна ракі Чорная Ганча (ад вёскі Лясная да вёскі Сонічы і ад вёскі Кадыш да вёскі Гарачкі). Усе яны маюць стромкія, часта каньёнападобныя схілы, па якіх распасціраюцца стужачныя дубровы, ліпнякі, ельнікі.
Канал зʼяўляецца ўнікальнай экасістэмай, якая захавала мноства раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, рэдкіх птушак (чорны бусел, чырвоны каршун), багаты жывёльны свет (рысі, кабаны, ваўкі, ласі, алені, казулі, бабры, балотныя чарапахі), а таксама вярховыя мача́жынна-градавыя і нізінныя поймавыя балоты. У мясцовых азёрах і ў самім канале водзяцца стронга і харыус.
У наваколлях Аўгустоўскага канала знаходзяцца ўнікальныя гістарычныя і архітэктурныя помнікі. Канал зʼяўляецца папулярным абʼектам воднага турызму, ажыццяўляецца катанне на цеплаходзе са шлюзаваннем.
Аўгустоўскі канал уваходзіць у тройку самых маштабных каналаў у свеце нараўне з Каледонскім каналам у Вялікабрытаніі і Гёта-каналам у Швецыі.
У 2003 г. унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2004 г. уключаны ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў катэгорыі «Культура».