Дата стварэння: 21.05.2025 15:56:20
Дата змены: 20.03.2026 15:39:12
Чо́рная Га́нча
Рака ў Гродзенскім раёне (Беларусь) і Падляскім ваяводстве (Польшча). Каля вусця ўтварае дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь з Літоўскай Рэспублікай. Даўжыня 145 км, у межах Беларусі 35 км.
Левы прыток ракі Нёман.
Прытокі — рака Марыха (злева) і шматлікія ручаі.
Пачынаецца ў Польшчы з возера Ганьча, перасякае мяжу за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі Лясная. Цячэ па паўночнай ускраіне Гродзенскага ўзвышша і Сярэднянёманскай нізіне. Упадае ў Нёман за 1 км на паўночны захад ад вёскі Загорнікі. Злучана Аўгустоўскім каналам з Нёманам.
Плошча вадазбору 1916 км², у Беларусі 178 км². Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1,2 ‰. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 17 м³/с.
Даліна глыбокаўрэзаная, шырыня ад 0,7 да 3,5 км.
Пойма двухбаковая, забалочаная, парослая хмызняком, шырыня 0,2–1 км, ёсць участкі надпоймавых тэрас вышынёй да 10 м.
Рэчышча звілістае, з буйнымі лукавінамі (меандрамі); шырыня ў межань да 10 м. Каналізавана ў 2006 г. на працягу 13,4 км на ўчастку ад мяжы з Польшчай да вёскі Сонічы, які з’яўляецца часткай Аўгустоўскага канала. У ніжнім цячэнні працякае па тэрыторыі ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Гродзенская пушча».
Па рацэ арганізуюцца турыстычныя водныя маршруты.
У наваколлі пражывае больш за 130 відаў птушак, у т. л. зялёны дзяцел, жаўна, звычайны зімародак і лебедзі.