Дата стварэння: 14.10.2024 10:17:48
Дата змены: 23.03.2026 11:03:08
Са́жалкі
Штучныя вадаёмы невялікіх памераў (да 1 млн м³), створаныя перакрыццем плацінай малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем катлавін, лагчын і іншых паніжэнняў рэльефу.
Па плошчы дзеляцца на малыя (да 10 га), сярэднія (10,1–25 га) і вялікія (больш за 25 га).
На тэрыторыі Беларусі каля 1,5 тыс. сажалак (агульная плошча каля 320 км², поўны абʼём 505 млн м³).
Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярава-лагчынныя, карʼерныя і наліўныя. Найбольш пашыраны рачныя сажалкі, у асноўным у вярхоўях малых рэк на поўначы і ў цэнтральнай частцы рэспублікі. Ярава-лагчынныя сажалкі ў раёнах з развітой ярава-лагчыннай сеткай (Аршанска-Магілёўскае плато) маюць форму выцягнутага трохвугольніка з аснаваннем каля плаціны. Карʼерныя сажалкі ствараюцца на месцы здабычы торфу, будаўнічых пяскоў і інш. Наліўныя сажалкі сустракаюцца вельмі рэдка, маюць возерападобную форму, вада падаецца рознымі спосабамі з азёр, рэк, каналаў.
У 1928 г. у Беларусі налічвалася 643 вадзяныя млыны, а да 1941 г. — 1094. Каля паловы з іх знаходзілася на захадзе рэспублікі. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны вадзяныя млыны былі практычна ліквідаваны, вадаёмы пры іх спушчаны. Млынавыя запруды не атрымалі далейшага развіцця ў сувязі з будаўніцтвам больш буйных водных абʼектаў «малой гідраэнергетыкі».
Другі перыяд у будаўніцтве сажалак звязаны з рэалізацыяй задач па комплексным выкарыстанні мясцовага сцёку. Найбольшы прырост сажалак адзначаўся ў 1970–1980‑я гг. Паводле І. І. Кірвеля (1987), за перыяд 1975–1985 гг. агульная колькасць сажалак павялічылася з 1032 да 1450, а сумарны поўны абʼём і плошча воднага люстэрка амаль у 1,5 раза (284–505 млн м³; 202–310 км²).
З 1980‑х гг. будаўніцтва сажалак запаволілася. У канцы 1980‑х — пачатку 1990‑х гг. яны амаль не ствараліся ў сувязі са зніжэннем тэмпаў меліярацыі і фінансавымі цяжкасцямі.
Сажалкавы фонд па тэрыторыі рэспублікі размеркаваны нераўнамерна, вызначаецца наяўнасцю натуральных водных абʼектаў, комплексным характарам выкарыстання сажалак, інтарэсамі сельскагаспадарчай вытворчасці. На паўночную частку Беларусі (Беларускае Паазерʼе) прыпадае 95 сажалак з плошчай люстэрка 6,35 км² і поўным абʼёмам 12,82 млн м³. У Беларускім Палессі звыш 350 сажалак з агульнай плошчай воднага люстэрка каля 40 км² і поўным абʼёмам больш як 52 млн м³. Спадзісты рэльеф Палесся, неспрыяльныя геалагічныя і гідрагеалагічныя ўмовы перашкаджаюць шырокаму будаўніцтву сажалак. Акрамя сажалак агульнагаспадарчага значэння, маюцца сажалкі ў рыбгасах і рыбагадавальніках. Найбольшая іх колькасць — у Мінскай і Брэсцкай абласцях. Кожны буйны басейн ракі мае асаблівасці фарміравання сажалкавага фонду, прыродна-гаспадарчыя перадумовы для стварэння сажалак. Праведзена водагаспадарчае раяніраванне сажалкавага фонду Беларусі. У аснову пакладзены падзел тэрыторыі рэспублікі па асноўных басейнах рэк (Заходняя Дзвіна, Нёман, Заходні Буг, Дняпро і Прыпяць).
Сажалкі выкарыстоўваюцца для арашэння, увільгатнення сельскагаспадарчых угоддзяў, гаспадарча-супрацьпажарных мэт, рэкрэацыі, рыбаводства. Частка з іх выкарыстоўваецца комплексна.