pdf

АЗЁРЫ

Дата стварэння: 17.10.2024 10:06:48

Дата змены: 23.03.2026 10:47:59


Азёры

Прыродныя вадаёмы ў натуральных катлавінах зямной паверхні, запоўненыя вадой.

У катлавінах азёр глыбіня нарастае ад берагоў да цэнтра, які называецца цэнтрам цяжару вадаёма.

Азёры не маюць аднабаковага ўхілу, як рэкі, зʼяўляюцца акумулятарамі вады, рэгулююць паверхневы сцёк, уплываюць на клімат і глебава-расліннае покрыва прыбярэжнай зоны, назапашваюць арганічныя і мінеральныя рэчывы.

Азёры адносяцца да катэгорыі вадаёмаў з запаволеным водаабменам, што робіць іх уразлівымі да забруджванняў.

У азёрах вылучаюць літараль — прыбярэжную мелкаводную зону з глыбінёй да 2 м (у Нарачы — да 5 м) і прафундаль — глыбакаводную зону.

У Беларусі каля 10 780 азёр. Пераважаюць малыя азёры з плошчай менш як 0,1 км² (колькасць — 9,5 тыс.), пераважна старычныя, прымеркаваныя да поймаў рэк Прыпяць, Нёман, Дняпро і інш. Па тэрыторыі рэспублікі размеркаваны нераўнамерна, большая частка знаходзіцца на поўначы, азёрнасць у асобных раёнах і басейнах рачных сістэм 8–10 %.

Вылучаюць некалькі азёрных рэгіёнаў Беларусі: Беларускае Паазерʼе (тут сканцэнтраваны найбольш буйныя і значныя азёры), цэнтральную частку з прылеглымі раўнінамі і Беларускае Палессе.

Катлавіны азёр Беларусі ўзніклі ў выніку дзейнасці старажытных зледзяненняў у Беларускім Паазерʼі (лагчынныя, задпрудныя, эварзійныя, тэрмакарставыя, складаныя па паходжанні).

Каля 200 азёр сваім паходжаннем звязаны з тэктанічнымі разломамі і апрацаваны пасля ледавіком і яго талымі водамі (катлавіны полігенетычнага паходжання).

Максімальная азёрнасць характэрна для басейнаў рэк Друйка (12 %), Дрыса (9,6 %), Тураўлянка (8,4 %), Бельчыца (7,6 %), Крывінка (5,2 %), Волта (4,8 %) і інш.; у басейнах буйных рэк складае: Заходняя Дзвіна — 2,3 %, Нёман — 0,6 %, Прыпяць — 0,2 %, Днепр — 0,05 %.

Плошча азёр Беларусі ад 0,01 да 80 км²; каля 8 % азёр — 110 км². Найбольш буйныя: Нарач, Чырвонае, Дрывяты,​ Асвейскае.

Каля 40 % маюць максімальную глыбіню менш за 5 м, самае глыбокае — Доўгае (53,7 м).

Некаторыя азёры злучаны невялікімі пратокамі, ручаямі і ўтвараюць цэлыя азёрна-рачныя сістэмы або азёрныя групы (Браслаўская азёрна-рачная сістэма, Нарачанская, Ушацкая). Большасць азёр маюць нізкую празрыстасць, што сведчыць пра значны антрапагенны ўплыў на іх рэжым. Каля ⅓ азёр моцна зарастаюць.

Цэнтральная частка Беларусі вылучаецца нізкай азёрнасцю. Сустракаюцца невялікія групы азёр (Белае, Гродзенскі раён) і асобныя вадаёмы (Свіцязь, Кромань і інш.), якія ўзніклі ў выніку карставых, суфазійных працэсаў.

Палескія азёры тэктанічнага і карставага паходжання. Значную ролю ў іх паходжанні адыгралі тэктанічныя рухі, ваганні ступені ўвільготненасці тэрыторыі Палесся. Найбуйнейшыя азёры — разлівы рэшткавага паходжання. На Палессі знаходзіцца вялікая колькасць азёр старычнага тыпу. Іх узнікненне звязана з рэчышчавымі працэсамі.

Расліннасць пашырана да глыбіні 2–3 м, радзей — 5 м. Сустракаюцца віды, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі: рагульнік плаваючы, меч-трава звычайная, лабелія Дортмана, палушнік азёрны і інш.

Вада слабамінералізаваная, адносіцца да гідракарбанатнага класа кальцыевай групы. Пераважная колькасць азёр з мінералізацыяй ад 100 да 300 мг/л. Сярод лясных і балотных масіваў сустракаюцца азёры з паніжанай мінералізацыяй. Для азёр Беларусі распрацавана комплексная лімналагічная класіфікацыя.

Па генетычных, занальных і азанальных паказчыках азёры падзяляюцца на тыпы: мезатрофныя з прыкметамі алігатрафіі, мезатрофныя сярэднеглыбокія з вялікай плошчай, эўтрофныя з рознай плошчай (падтыпы: эўтрофныя, слабаэўтрофныя, высокаэўтрофныя, гіпертрофныя) і група дыстрофных азёр. Дадзеныя тыпы адлюстроўваюць прыродна-генетычны рад эвалюцыйнага развіцця азёр. Дыстрофныя і гіпертрофныя азёры патрабуюць карэнных змен у іх экасістэмах для аднаўлення прыродна-рэсурснага патэнцыялу.

Па якасці вады азёры падзяляюцца на 3 групы: мезатрофныя і мезатрофныя з прыкметамі алігатрафіі з высокай якасцю вады, могуць выкарыстоўвацца для пітнога водазабеспячэння (каля 10 % даследаваных); рознага тыпу і памераў з чыстай, слаба і ўмерана забруджанай вадой (каля 70 %), прыдатнай для ўсіх відаў водакарыстання, акрамя пітнога; з нізкай якасцю вады, якія страцілі прыродна-рэсурсны патэнцыял. Водныя рэсурсы азёр ацэньваюцца ў 5,8 млрд км³ (каля 50 % паверхневых водных рэсурсаў рэспублікі).

Для рацыянальнага выкарыстання водных і энергетычных рэсурсаў на 20 азёрах створаны азёрныя вадасховішчы. Перспектыўнымі для стварэння рэзерватаў чыстай вады зʼяўляюцца 40 вадаёмаў Беларусі.

Азёры ўтвараюць непаўторныя азёрныя ландшафты рэспублікі, шырока выкарыстоўваюцца для рэкрэацыі: курорты рэспубліканскага значэння Нарач, Ушачы, зоны адпачынку Асвея, Латыгава, базы адпачынку Падсвілле, Лосвіда і інш.

Азёры багатыя на мінеральныя рэсурсы (пяскі і гліны), арганамінеральныя (гляі і сапрапелі), арганічныя адклады (сапрапелі і торф). Самымі перспектыўнымі для выкарыстання з’яўляюцца арганагенныя ўтварэнні — сапрапелі, запасы якіх ацэньваюцца ў 2,63 млрд м³, з іх разведана каля 80 %; найбольшыя запасы ў Віцебскай і Мінскай абласцях. Сярод іншых відаў рэсурсаў перспектыўнымі для выкарыстання зʼяўляюцца біялагічныя (рэсурсы макрафітаў, рыбныя рэсурсы). Найбольш пашыраны карасёва-лінёвыя і акунёва-плоткавыя вадаёмы (прамысловыя запасы 33–115 і 54–92 кг⁠/⁠га).

Найбольшую колькасць вады з азёраў выкарыстоўваюць ДРЭС Лукомская (17,5–29,9 млн т) і Бярозаўская (3,4–80,2 млн т), а таксама рыбаводныя гаспадаркі.

Самыя ўнікальныя азёры ўключаны ў сістэму ахоўных прыродных тэрыторый агульнай плошчай каля 12,6 тыс. км². У іх межах знаходзіцца 255 азёр (плошча 604 км²), або 3,7 % ахоўнай тэрыторыі рэспублікі.