Дрывя́ты
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка (выцякае з возера) каля паўднёвай ускраіны горада Браслаў.
У возера ўпадаюць рэкі Усвіца (злучае Дрывяты з возерам Іказнь), Золвіца, Акунёўка, Рака (злучае з возерам Рака), 6 ручаёў.
Плошча 36,14 км², даўжыня 9,86 км, максімальная шырыня 4,5 км, максімальная глыбіня 12 м. Аб’ём вады 223,52 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 37,6 км, на поўдні і паўднёвым захадзе ўтварае 3 вялікія залівы. Плошча вадазбору 423 км². Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.
Катлавіна запруднага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход.
Схілы пераважна пад лесам, асіметрычныя: на поўначы вышынёй 30–37 м, месцамі разараныя, на поўдні да 5 м, забалочаныя.
Берагі пясчаныя і пясчана-галечныя, пераважна забалочаныя.
Пойма шырынёй ад 20 да 200 м, пакрыта водна-балотнай расліннасцю і хмызняком.
Мелкаводная зона шырокая (150–300 м), спадзістая, глыбакаводная зона — узгорыстая (упадзіны глыбінёй да 10–12 м чаргуюцца з падняццямі).
Дно да глыбіні 3,5–5 м выслана пяском, глыбей — глеем і сапрапелем (агульная магутнасць адкладаў да 11 м).
Уключае 6 астравоў агульнай плошчай 0,92 км².
Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці ад 35 да 200 м. Зарастае да глыбіні 3,5 м.
Растуць рэдкія для флоры Беларусі віды раслін: наяда гнуткая і наяда малая, гідрыла кальчаковая.
Водзіцца каля 20 відаў рыб: рапушка еўрапейская, сняток, шчупак, вугор рачны, лешч, верхаводка, густяра, карась сярэбраны, язь, плотка, краснапёрка, лінь, мянтуз, джгір, акунь, судак.
Паглыбленне рэчышча і будаўніцтва плаціны на Друйцы значна паўплывалі на ўзровень вады ў возеры.
Сярэднямесячная тэмпература вады да глыбіні 7 м у чэрвені 17,2 °С, у ліпені — 18,8°С, у жніўні — 17,7 °С. У зімовы перыяд паверхневыя тэмпературы складаюць 0,1–0,2 °С, прыдонныя — 3–3,8 °С. Замярзае ў канцы лістапада — пачатку снежня, лёд трымаецца да канца сакавіка, часам да сярэдзіны красавіка — пачатку мая.
Дзейнічае гідралагічны пост у Браславе.
На поўдні і паўднёвым захадзе да возера прымыкае лясны масіў «Бяльмонт». На беразе турыстычны комплекс «Дрывяты». У межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» і зоны адпачынку Браслаў.