Ра́ка
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 5 км на захад ад горада Браслаў, каля вёскі Зарачча.
Плошча 0,83 км², даўжыня 3,01 км, максімальная шырыня 0,76 км, максімальная глыбіня 17 м. Абʼём вады 4,87 млн м³. Празрыстасць 2 м. Даўжыня берагавой лініі 7,3 км. Плошча вадазбору 116,3 км.
Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы вышынёй да 18 м, стромкія, сугліністыя, пад хмызняком, у верхняй частцы разараныя, ва ўсходняй і заходняй тэрасаваныя (вышыня тэрасы 3–3,5 м). Берагі зліваюцца са схіламі, на поўначы нізкія, забалочаныя. Найбольшая глыбіня на паўночным плёсе, на паўднёвым пераважае глыбіня 7–9 м.
Дно выслана гліністым глеем, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Зарастае слаба.
Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй да 8 м.
Водзяцца лешч, гусцяра, судак, акунь, шчупак, плотка, лінь, мянтуз.
Упадаюць ручаі з азёр Рожава, Бужа і Мізерышкі; выцякае рака Ра́ка (злучае яго з возерам Дрывяты).
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».