Дата стварэння: 14.10.2024 10:13:57
Дата змены: 26.01.2026 09:55:07
Друйка
Рака ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Даўжыня 52 км.
Левы прыток ракі Заходняя Дзвіна. Асноўны прыток — рака Плесавіца (правы).
Плошча вадазбору 1050 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,6 ‰. Выцякае з возера Дрывяты, цячэ праз азёры Цно, Неспіш, Недрава, у межах Браслаўскіх град па тэрыторыі Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» (азёры займаюць 13 % вадазбору, гл. Браслаўская група азёр), вусце каля аграгарадка Друя.
Даліна трапецападобная, шырынёй 400–600 м, каля вёскі Качэргі да 1,7 км.
Схілы умерана стромкія, радзей абрывістыя, вышынёй ад 5 да 30 м.
Пойма нізкая, забалочаная, шырынёй 50–250 м у сярэднім, 500–800 м у ніжнім цячэнні.
Рэчышча слабазвілістае, шырынёй 6–8 м ніжэй ад аграгарадка Друйск, каля якой плаціна і сажалка былой Браслаўскай ГЭС.
Берагі стромкія, часта зліваюцца са схіламі даліны.
На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 54 % гадавога сцёку. У разводдзе максімальнае перавышэнне над самай нізкай межанню 1,6 м (1956).
Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом адбываецца ў сярэдзіне сакавіка.
Водзяцца шчупак, вугор рачны, лешч, верхаводка, мянтуз, карась сярэбраны, пячкур, язь, плотка, гусцяра, лінь, акунь, джгір, ялец, краснапёрка.
Рэжым ракі вывучаўся ў 1926–1933 гг., 1940–1958 гг. на трох гідралагічных пастах.
Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.