Дата стварэння: 09.10.2024 09:54:59
Дата змены: 09.01.2025 10:57:25
Бра́слаўская гру́па азёр
Іншая назва: Браслаўская азёрна-рачная сістэма.
Група азёр у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Друйка на мяжы Літвы і Латвіі (вылучана доктарам геаграфічных навук В. П. Якушка).
Адна з найвялікшых азёрна-рачных сістэм Беларусі. Уключае 31 возера агульнай плошчай 113,2 км², аб’ём вады большы за 540 млн м³. Плошчу большую за 1 км² маюць 15 азёр. Найбуйнейшыя азёры: Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Воласа Паўночны, Бужа, Недрава, Бярэжа, Даўблі, Поцех, Воласа Паўднёвы.
Плошча басейна Браслаўскай групы азёр 808 км², на водную паверхню прыпадае 12 %.
Азёры ляжаць на вышыні 130–170 м над узроўнем мора сярод узгорыстага рэльефу, прадстаўленага разнастайнымі формамі водна-ледавіковай акумуляцыі — камамі, озамі.
Адступанне ледавіка суправаджалася яго спыненнямі, у час якіх адбывалася адкладанне канцавых марэн, якія паслужылі падпрудай для сцякання з ледавіка талых вод. Большасць азёрных катлавін маюць падпруднае, тэрмакарставае паходжанне. Азёры Воласа Паўднёвы і Воласа Паўночны маюць эварзійнае паходжанне са значнай глыбінёй.
Схілы азёрных катлавін узвышаюцца над навакольнымі азёрамі і нізінамі на 25–30 м. Рэльеф разнастайны: мысы, участкі абразійных берагоў; высокія грады і ўзгоркі, якія ўтвараюць паўастравы.
Невялікія ўчасткі лясоў размешчаны ў межах ландшафтнага заказніка мясцовага значэння «Міжазёрны» (знаходзіцца на поўнач ад возера Струста і на поўдзень ад возера Дрывяты). Азёры злучаны невялікімі рэкамі, ручаямі, канавамі і пратокамі (даўжыня сеткі каля 300 км), найбольш буйныя азёры дрэніруюцца Друйкай.
Браслаўскія азёры да 1931 г. былі злучаны больш шырокімі пралівамі. Але ў сувязі з меліярацыйнымі мерапрыемствамі 1931–1935 гг. узровень азёр быў спушчаны да 1 м і многія пратокі моцна змялелі і звузіліся. Так, напрыклад, практычна высах ручай, які злучае азёры Снуды і Воласа Паўночны, забалочана пратока, якая злучае азёры Дрывяты і Неспіш.
У азёрах захаваліся рэліктавыя і рэдкія віды жывёл (лімнакалянус макрурус, пантапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда рэліктавая) і раслін (гарлачык жоўты малы, гідрыла кальчаковая), уключаныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Азёры маюць рыбапрамысловае значэнне, багатыя на каштоўныя віды рыб (сняток, рапушка, вугор, судак і інш.).
Уваходзіць у Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры».
На берагах многіх азёр захаваліся старажытныя гарадзішчы.
Папулярнае месца турызму.