СТРУСТА, возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці
pdf

СТРУСТА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:18:42

Дата змены: 18.11.2025 14:47:50


location Google location Yandex

Струста, возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці


Стру́ста

Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.

Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 4 км на поўнач ад горада Браслаў; уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.

На захадзе ўпадае рака Акмяніца; злучана пратокамі з азёрамі Снуды, Балойса і Ельна, сцёк па пратоцы ў возера Войса.

Плошча 13 км², даўжыня 6,4 км, максімальная шырыня 4,2 км, максімальная глыбіня 23 м. Аб’ём вады 94,3 млн м³. Празрыстасць каля 5 м летам і да 10 м зімой. Берагавая лінія (даўжыня 28,3 км) моцназвілістая з мноствам заліваў (заток). Плошча вадазбору 223 км².

Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход.

Схілы вышынёй 5–8 м, спадзістыя, на поўначы 25–30 м, абразійныя, парослыя хмызняком і лесам, часткова разараныя.

Берагі нізкія, пераўвільготненыя, пясчаныя і пясчана-галечныя, на поўначы зліваюцца са схіламі.

Прыбярэжная зона да глыбіні 3 м пясчаная, трапляюцца гліны.

Глыбакаводная зона выслана глеем, часткова сапрапелем.

Дно складанай будовы: вылучаюць 3 западзіны (каля ўсходніх і паўночных берагоў), падзеленыя водмелямі, і 7 астравоў агульнай плошчай 2,58 км² (найбуйнейшыя — Чайчын, Шова, Бярозаўскія, Яленя).

Зарастае 45 % плошчы возера. Каля паўднёвых і ўсходніх берагоў паласа з трыснягу і чароту шырынёй да 300 м. Да глыбіні 6–7 м растуць харавыя водарасці, эладэя, рагаліснік, урэчнікі.

Водзяцца сняток, язь, плотка, шчупак, вугор рачны, лешч, гусцяра, карась сярэбраны і залаты, карп, мянтуз, краснапёрка, акунь, джгір, верхаводка, лінь.

Папулярны аб’ект турызму. Уваходзіць у зону адпачынку рэспубліканскага значэння Браслаў.

Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».