Е́льна
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 3 км на паўночны захад ад горада Браслаў.
Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. з возера Бярэжа, на поўначы выцякае ручай у возера Струста.
Плошча 0,46 км², даўжыня 1,61 км, максімальная шырыня 0,5 км, максімальная глыбіня 6,1 м. Аб’ём вады 1,19 млн м³. Празрыстасць 2,5 м. Даўжыня берагавой лініі 4,16 км. Плошча вадазбору 13,8 км².
Катлавіна дзеліцца на 2 плёсы, мае звілістую берагавую лінію.
Схілы на ўсходзе і поўдні вышынёй 10–13 м, зараслі хваёвым лесам, астатнія — вышынёй 2–6 м, на поўначы — разараныя.
Берагі пад хмызняком.
Дно сподкападобнай формы, на мелкаводдзі да глыбіні 1 м пясчанае, глыбей выслана сапрапелем.
Зарастае падводнай расліннасцю да глыбіні 2–2,5 м.
Водзяцца лешч, шчупак, акунь, плотка, лінь, карась і інш.
Знаходзіцца ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».
На беразе возера зона адпачынку Браслаў.