Во́йса
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 4 км на паўночны ўсход ад горада Браслаў.
Злучана пратокамі з азёрамі Струста і Неспіш.
Плошча 3,21 км², даўжыня 3,75 км, максімальная шырыня 1,6 км, максімальная глыбіня 9,1 м. Аб’ём вады 14,16 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 15,2 км. Плошча вадазбору 249 км².
Катлавіна складанага тыпу. У азёрнай катлавіне вылучаюцца цэнтральны плёс з плоскім дном і паўночны, заходні і паўднёвы плёсы, аддзеленыя астравамі ці падняццямі дна. Максімальныя глыбіні ў паўднёвым плёсе.
Схілы на поўначы і ўсходзе высокія, абразійныя, на поўдні і захадзе спадзістыя, месцамі забалочаныя.
Берагавая лінія звілістая.
Мае 4 востравы агульнай плошчай 0,11 км².
Дно ў прыбярэжнай зоне пясчанае, каля ўсходняга берага пясчана-галечнае, глыбей глеістае.
Расліннасць каля берагоў утварае перарывістую паласу шырынёй 15–20 м да глыбіні 2–4 м.
Водзяцца рапушка еўрапейская, сняток, шчупак, вугор рачны, лешч, верхаводка, гусцяра, карась сярэбраны і залаты, язь, плотка, краснапёрка, лінь, мянтуз, джгір, акунь, судак.
Уваходзіць у зону адпачынку «Браслаў», па возеры праходзіць водны турысцкі маршрут.
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.