Не́спіш
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка (цячэ праз возера), за 4 км на ўсход ад горада Браслаў, каля вёскі Рубеж. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.
Плошча 4,57 км², даўжыня 4,13 км, максімальная шырыня 1,4 км, максімальная глыбіня 6,3 м. Абʼём вады 13,8 млн м³. Празрыстасць 2,5 м. Берагавая лінія (даўжыня 16,5 км) звілістая. Плошча вадазбору 761 км².
Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад.
Схілы вышынёй да 10–12 м, на паўночным захадзе стромкія, абразійныя, на ўсходзе спадзістыя, сугліністыя, радзей пясчаныя.
Берагі нізкія, пясчаныя, задзернаваныя.
Дно да глыбіні 4,5 м выслана пясчанымі адкладамі і адкладамі з дамешкам пяску, глыбей — сапрапелем.
На возеры 15 астравоў агульнай плошчай 0,31 км².
Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй да 160 м.
Водзяцца сняток, шчупак, лінь, вугор рачны, лешч, верхаводка, язь, карась сярэбраны, плотка, краснапёрка, мянтуз, джгір звычайны, акунь, судак, гусцяра.
На паўночным усходзе ракой Друйка злучана з возерам Недрава, на паўночным захадзе — пратокай з возерам Войса.
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».