Не́драва
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка (цячэ праз возера, злучае яго з возерам Неспіш), за 7 км на паўночны ўсход ад горада Браслаў, каля вёскі Маскавічы. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.
Плошча 3,72 км², даўжыня 3 км, максімальная шырыня 2,23 км, максімальная глыбіня 12,2 м. Аб’ём вады 17,84 млн м³. Празрыстасць 2 м. Берагавая лінія даўжынёй 15 км, звілістая. Плошча вадазбору 808 км².
Катлавіна складанага тыпу, акруглай формы.
Схілы вышынёй да 10 м, стромкія (на захадзе і паўднёвым усходзе спадзістыя), суглінкавыя і супясчаныя, пад лугам і хмызняком. На поўначы озавая града вышынёй 15–20 м, парослая рэдкім хваёвым лесам.
Берагі нізкія, пясчаныя, дзе-нідзе на поўдні абразійныя.
Пойма шырынёй ад 10 да 100 м.
Мелкаводдзе пясчанае, да глыбіні 3–4 м дно глеістае, глыбей выслана сапрапелем.
Ёсць 3 востравы агульнай плошчай 2 га.
Шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці да 120 м, падводная распаўсюджана да глыбіні 4 м.
Водзяцца сняток, шчупак, лінь, вугор рачны, лешч, верхаводка, язь, карась сярэбраны, плотка, краснапёрка, мянтуз, джгір звычайны, акунь, судак, гусцяра.
Пратокамі на паўночным захадзе злучана з возерам Поцех, на поўдні з возерам Неспіш, упадае ручай з возера Вера.
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».
Па возеры праходзіць турысцкі маршрут.