По́цех
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебская вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 10 км на паўночны ўсход ад горада Браслаў, каля вёскі Слабодка; уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.
На захадзе злучана пратокай з возерам Недрава, на поўдні ўпадае ручай з возера Ільмёнак.
Плошча 1,35 км², даўжыня 3,55 км, максімальная шырыня 0,95 км, максімальная глыбіня 9,1 м. Аб’ём вады 4,52 млн м³. Празрыстасць нізкая — 1,4 м. Даўжыня берагавой лініі 9,72 км, звілістая. Плошча вадазбору 28 км².
Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з захаду на ўсход, складаецца з 4 плёсаў, падзеленых мысамі; падводная частка складанай будовы, на ўсходзе ўскладняецца трыма пясчанымі астравамі (выспамі).
Схілы вышынёй да 10 м, на поўначы прадстаўлены камавымі ўзгоркамі, умерана стромкія, пераважна разараныя, на поўдні ўтвораны пясчанай озавай градой (вышыня 25–30 м), якая аддзяляе Поцех ад возера Недрава.
Дно да глыбіні 1,5 м пясчанае, месцамі выслана глінай, глыбей — сапрапелем і адкладамі, якія ўтрымліваюць пясок.
Зарастае 28 % плошчы возера. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці 1,5 м, распаўсюджана да глыбіні 1,5 м, падводная — да глыбіні 2–2,5 м.
Водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, лінь, плотка, краснапёрка, вугор.
Папулярнае месца адпачынку, уваходзіць у праграму турыстычных маршрутаў.
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».