Сну́ды
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 10 км на поўнач ад горада Браслаў; уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.
На поўдні злучана шырокай пратокай з возерам Струста, на ўсходзе — канавай з возерам Воласа Паўночны. Больш чым 10 ручаёў упадаюць у Снуды.
Плошча 22 км², даўжыня 8,8 км, максімальная шырыня 4,9 км, максімальная глыбіня 16,5 м. Аб’ём вады 107 млн м³. Празрыстасць 6,5 м. Берагавая лінія (даўжыня 34,4 км) моцназвілістая (шмат заліваў), асабліва на захадзе. Плошча вадазбору 113 км².
Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход; падводная частка складанай будовы, западзіны чаргуюцца з пясчанымі водмелямі, большасць з якіх парасла трыснягом. Возера мае 11 астравоў (найбуйнейшы — Лакіна) агульнай плошчай 1,6 км² (у малаводныя гады, калі водмелі абгольваюцца, колькасць астравоў павялічваецца да 16).
Схілы вышынёй да 30 м, стромкія (на захадзе спадзістыя), на ўсходзе і паўднёвым усходзе абрываюцца каля ўрэзу вады.
Берагі нізкія, пясчана-галечныя, пераўвільготненыя. Уздоўж усходняга берага цягнецца озавая града, парослая лесам. Усцяж берагоў — паласа трыснягу і чароту шырынёй да 300 м, пашырана да глыбіні 2 м, падводная расліннасць — да глыбіні 8 м.
Пойма шырынёй ад 5 да 150 м.
На захадзе і паўднёвым усходзе добра выражаны тэрасавы комплекс, верхняя тэраса на вышыні 12 м.
Мелкаводдзе пясчанае, дзе-нідзе гліністае, глыбакаводныя ўчасткі возера на дне высланы сапрапелем.
Водзяцца язь, плотка, рапушка еўрапейская, вугор рачны, лешч, карась сярэбраны і залаты, карп, гусцяра, шчупак, лінь, джгір, мянтуз, краснапёрка, акунь, верхаводка.
Уваходзіць у зону адпачынку рэспубліканскага значэння Браслаў.
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».