Во́ласа Паўно́чны
Іншая назва: Волас Паўночны.
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 12 км на паўночны ўсход ад горада Браслаў.
Злучана пратокай з возерам Воласа Паўднёвы, канавай з возерам Снуды.
Плошча 4,21 км², даўжыня 3,56 км, максімальная шырыня 2,5 км, максімальная глыбіня 29,2 м. Аб’ём вады 30,5 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 13,7 км. Плошча вадазбору 11,9 км².
Катлавіна эварзійнага тыпу, сярод лесу.
Берагі нізкія (0,1–0,3 м), пясчаныя. Уздоўж заходняга і паўночнага берагоў пясчаныя валы вышынёй 2,5–3 м.
Схілы высокія, на захадзе і поўначы часткова разараныя.
Дно складанай будовы, шмат упадзін, ёсць водмелі. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, на поўначы і ўсходзе валунна-галечная, глыбей выслана глеем і сапрапелем. Зарастае да глыбіні 6–7 м, каля 65 % паверхні дна возера занята расліннасцю.
Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй.
Возера насяляюць рапушка, вярхоўка, шчупак, лінь і інш., сярод беспазнаночных трапляюцца рэліктавыя віды ледавіковага перыяду — лімнакалянус даўгахвосты, мізіда рэліктавая, пантапарэя роднасная, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.
Уваходзіць у зону адпачынку Браслаў.