БУЖА, возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці
pdf

БУЖА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:10:39

Дата змены: 30.10.2025 12:11:15


location Google location Yandex

Бужа, возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці


Бу́жа

Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 7 км на паўночны захад ад горада Браслаў, каля вёскі Бужаны.

Злучана ручаямі з азёрамі Саванар і Рака.

Плошча 3,93 км², даўжыня 3,42 км, максімальная шырыня 1,72 км, максімальная глыбіня 9,1 м. Аб’ём вады 14,72 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 12,2 км. Плошча вадазбору 66 км².

Катлавіна авальнай формы, выцягнутая з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, з парэзанай берагавой лініяй.

Схілы вышынёй да 12 м, пад лесам і хмызняком, заходнія — разараныя. Вакол возера пойма шырынёй ад 8 м на поўначы да 250 м на паўднёвы захад, сухая, моцна завалуненая, парослая хмызняком і сухадольнымі травамі.

Мае 16 астравоў агульнай плошчай 24,9 га.

Каля берагоў і астравоў дно пясчанае, каля ўрэзу вады часта галечнае і камяністае. Зарастае слаба, шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м.

Водзяцца шчупак, лешч, верхаводка, гусцяра, плотка, язь, карась сярэбраны, акунь, лінь, краснапёрка, мянтуз, джгір.

Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.