Савана́р
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 10 км на захад ад горада Браслаў, каля вёскі Мякяны.
Упадаюць 2 ручаі, на ўсходзе злучана ручаём з возерам Бужа.
Плошча 0,75 км², даўжыня 1,42 км, максімальная шырыня 1,01 км, максімальная глыбіня 3,8 м. Абʼём вады 1,41 млн м³. Берагавая лінія (даўжыня 5,1 км) моцназвілістая, утварае 5 заліваў. Плошча вадазбору 49,2 км².
Катлавіна запруднага тыпу, лопасцевай формы; падзяляецца на заходнюю (глыбіня 1–2 м) і ўсходнюю (глыбіня больш за 3 м) часткі.
Схілы вышынёй 5–10 м, стромкія, пакрытыя хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, ля ўсходняга берага пясчаная водмель.
Дно плоскае, да глыбіні 1,5 м і вакол астравоў пясчанае, глыбей выслана сапрапелем.
Інтэнсіўна зарастае паўночна-заходняя частка возера і залівы. Шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці 20–80 м, падводная пашырана да глыбіні 2 м.
На возеры 3 востравы агульнай плошчай 0,8 га.