Іка́знь
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 14 км на ўсход ад горада Браслаў, каля ўсходняй ускраіны аграгарадка Іказнь.
Плошча 2,38 км², даўжыня 2,97 км, максімальная шырыня 0,8 км, максімальная глыбіня 8,4 м. Аб’ём вады 7,94 млн м³. Берагавая лінія (даўжыня 12,72 км) моцназвілістая, утварае шматлікія залівы, паўастравы і мысы. Празрыстасць 1,4 м. Плошча вадазбору 25,3 км².
Катлавіна складанага тыпу, лопасцевай формы, выцягнутая з захаду на ўсход, вузкім пралівам падзяляецца на заходні і ўсходні плёсы.
Схілы вышынёй 12–15 м, умерана стромкія, сугліністыя, у верхняй частцы разараныя, на паўднёвым усходзе пакрытыя лесам.
Берагі нізкія, часам абразійныя, пад хмызняком; у паўночна-заходнім заліве багністыя, зарослыя балотнай расліннасцю (дрыгва, сплавіна).
Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, глыбей дно выслана сапрапелем. У летні перыяд вада праграваецца да дна.
На захадзе і ўсходзе 2 востравы агульнай плошчай 1,2 га.
Зарастае слаба. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 10 м, месцамі адсутнічае.
Водзяцца шчупак, вугор рачны (еўрапейскі), лешч, верхаводка, язь, карась сярэбраны і залаты, акунь, плотка, краснапёрка, лінь, мянтуз, судак, джгір, гусцяра.
На паўночным захадзе выцякае рака Усвіца, якая злучае Іказнь з возерам Дрывяты; упадае некалькі меліярацыйных каналаў.