Сві́цязь
Возера ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Моўчадзь, за 22 км на поўдзень ад горада Навагрудак, за 3 км на поўдзень ад аграгарадка Валеўка.
На ўсходзе выцякае рака Сваротва.
Плошча 2,24 км², даўжыня 1,65 км, максімальная шырыня 1,48 км, максімальная глыбіня 15 м. Абʼём вады 7,76 млн м³. Празрыстасць 4–5 м. Даўжыня берагавой лініі 5,15 км. Плошча вадазбору 9,04 км².
Катлавіна суфазійна-карставага тыпу, круглявай формы, злёгку выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы спадзістыя, параслі ліставым, месцамі хваёвым лесам, на поўдні і паўднёвым захадзе забалочаныя, тарфяністыя. Прыбярэжная частка возера да глыбіні 3–5 м выслана пяском, месцамі з дробнай галькай, глыбакаводная — чорным глеем. Больш як палова возера занята тонказярністымі сапрапелямі.
Зарастае слаба. У возеры растуць лабелія Дортмана (рэліктавы від самых чыстых азёр Беларусі), прыбярэжнік аднакветкавы (адзначаны толькі ў Свіцязі), палушнік азёрны і інш., занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь; у складзе фітапланктону выяўлена рэдкая водарасць — тэтрадыній яванскі.
Водзяцца плотка, краснапёрка, лінь, карась сярэбраны, пячкур, акунь, ёрш, шчупак.
На беразе возера расце «дуб-двайнік», узрост якога больш за 300 гадоў, зʼяўляецца помнікам прыроды.
Папулярнае месца турызму і адпачынку. Знаходзіцца на тэрыторыі ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Свіцязянскі».