Дата стварэння: 22.05.2025 10:48:39
Дата змены: 08.01.2026 11:35:58
Мо́ўчадзь
Іншая назва: Моўчадка.
Рака ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці і Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Даўжыня 98 км.
Левы прыток ракі Нёман. Асноўныя прытокі: Сваротва, Ятранка, Паніква, Промша (правыя), Івязянка, Дзятлаўка (левыя).
Пачынаецца каля вёскі Кузевічы Баранавіцкага раёна, працякае пераважна па Навагрудскім узвышшы, упадае ў Нёман за 1,2 км на паўночны захад ад вёскі Нясілавічы Дзятлаўскага раёна.
Плошча вадазбору 1 140 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,9 ‰.
Даліна трапецападобная, шырынёй каля 1,5 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, вышынёй ад 10–30 м у верхнім цячэнні і да 8–15 м у ніжнім. На ўсім працягу верхняга і сярэдняга цячэння перарывістыя тэрасы шырынёй да 1,5 км.
Пойма двухбаковая, часткова забалочаная, моцна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. У час разводдзя затапляецца вадой да глыбіні 0,5–1 м.
Рэчышча моцна звілістае, на працягу 9,8 км каналізаванае, паміж вёскамі Дварэц і Агароднікі Дзятлаўскага раёна і ў ніжнім цячэнні сустракаюцца невялікія астравы.
Берагі стромкія і абрывістыя.
На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 25 % аб’ёму гадавога сцёку.
Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. За 9 км ад вусця — ГЭС і Гезгальскае вадасховішча; у сутоках (зліцці рэк) Моўчадзі з Ятранкай размешчаны гарадскі пасёлак Наваельня, на заходняй ускраіне якога знаходзіцца курортная зона.