Дата стварэння: 21.05.2025 16:00:33
Дата змены: 29.12.2025 13:27:51
Про́мша
Рака ў Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнах Гродзенскай вобласці. Даўжыня 32 км.
Правы прыток ракі Моўчадзь (басейн ракі Нёман).
Пачынаецца за 1,3 км на ўсход ад вёскі Вялікія Лезнявічы Навагрудскага раёна, вусце ва ўрочышчы Салтанскі Лес на захад ад вёскі Вусце Дзятлаўскага раёна. У вярхоўях таксама называецца Сямкоўка.
Цячэ па схілах Навагрудскага ўзвышша, у нізоўі — пераважна сярод лесу.
Плошча вадазбору 100 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 0,5 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні — 4,8 ‰.
Даліна пераважна трапецападобная (шырыня 0,3–0,7 км).
Рэчышча каналізавана ад вытоку на працягу 7 км, ніжэй звілістае (шырыня ад 3 м у вярхоўі да 9 м у ніжнім цячэнні).
Берагі параслі лесам і хмызняком.
Пойма двухбаковая, у верхнім цячэнні месцамі забалочаная, ніжэй — сухая, адкрытая.
Прымае сцёк меліярацыйных каналаў.