Ге́згальскае
Вадасховішча ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Размешчана на рацэ Моўчадзь (за 9 км ад вусця), за 14 км на поўнач ад горада Дзятлава, каля аграгарадка Гезгалы.
Пабудавана ў 1950–1960 гг.
Плошча 1,2 км², даўжыня 2,5 км, максімальная шырыня 1 км, максімальная глыбіня 4,5 м. Берагавая лінія (даўжыня 9 км) утварае буйныя і дробныя залівы. Аб’ём вады 1,22 млн м³.
Плошча вадазбору 1120 км². Вадазбор раўнінны, у верхнім і сярэднім цячэнні ўзгорысты (разаранасць 40 %, залесенасць 22 %, забалочанасць 10 %). Сярэдні гадавы сцёк 278 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 0,7–0,8 м. Катлавіна выцягнута ў рачной даліне. Правы бераг вышынёй 2,5–3 м, парослы хваёвым лесам, левы — пад лугам.
Ёсць 9 дробных астравоў агульнай плошчай 0,1 км². Дно выслана глеем і пяском.
Моцнапраточнае. Замярзае на пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Рэжым вадасховішча вывучаўся ў 1960–1975 гг. Рэчышчавае, сутачнага рэгулявання.
Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 330 м, максімальная вышыня 6 м), вадаскід, рэчышчавая Гезгальская ГЭС.
Выкарыстоўваецца для энергетычных мэт і рэкрэацыі. Каля вадасховішча зона адпачынку.