До́ўгае
Самае глыбокае возера ў Беларусі, знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Шоша, за 32 км на паўночны ўсход ад горада Глыбокае, каля вёскі Доўгае.
Упадаюць ручаі з азёр Свядава (на поўначы) і Псуя (на паўднёвым захадзе), на поўдні выцякае ручай у возера Шо.
Плошча 2,6 км², даўжыня 6 км, максімальная шырыня 0,7 км, максімальная глыбіня 53,7 м. Аб’ём вады 43,17 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 14,9 км, утворыць шэраг заліваў. Плошча вадазбору каля 30,4 км².
Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, глыбока ўрэзана (на 70–80 м) у тоўшчу марэны. Падводныя схілы катлавіны вельмі стромкія.
Схілы вышынёй да 30 м на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе да 10 м, стромкія, сугліністыя, пераважна пад хмызняком, на асобных участках пад лесам.
Берагі ў асноўным зліваюцца са схіламі, на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе нізкія да 0,2 м, зарослыя хмызняком.
У цэнтральнай частцы возера па доўгай восі цягнецца некалькі глыбокіх упадзін, падзеленых падняццямі дна.
Зона мелкаводдзя пясчаная і пясчана-галечная, дзе-нідзе ўздоўж усходняга і заходняга берагоў выслана валунамі. Пяскі пашыраны да глыбіні 10–15 м, глыбей дно выслана глінамі, якія змяняюцца ў глыбакаводнай частцы глеем. У залівах фарміруюцца сапрапелі.
Па ўсёй тоўшчы вады шмат кіслароду і нізкія тэмпературы; улетку толькі паверневы слой вады да глыбіні 7‒8 м праграецца да 18‒20 °С, глыбей (да 20 м) — да 5‒6 °С.
Зарастае слаба. Шырыня прыбярэжнай надводнай паласы расліннасці да 25 м, месцамі адсутнічае. Падводная расліннасць пашырана да глыбіні 5–7 м, да 10–12 м трапляюцца імхі. Празрыстасць да 5 м.
Водзяцца сняток, шчупак, верхаводка, плотка, карась залаты, язь, лінь, мянтуз, краснапёрка, акунь, джгір. Адзначаны пасяленні баброў, жыве рэліктавы від ледавіковага перыяду — рачок лімнакалянус даўгахвосты, бакаплаў Паласа, уключаныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
З мэтай захоўвання ўнікальнага вадаёма прыбярэжная тэрыторыя і возера аб’яўлены гідралагічным заказнікам рэспубліканскага значэння «Доўгае».