Шо
Возера ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Шоша (на паўднёвым захадзе выцякае з возера), за 32 км на ўсход ад горада Глыбокае, каля вёскі Надазерʼе.
Упадаюць ручаі з азёраў Доўгае (на поўначы) і Івесь (на ўсходзе).
Плошча 7,65 км², даўжыня 4,2 км, максімальная шырыня 2,12 км, максімальная глыбіня 3,1 м. Абʼём вады 14,85 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 12,4 км.
Плошча вадазбору 110 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, авальнай формы, выцягнута з поўначы на поўдзень. Схілы вышынёй 2–4 м, спадзістыя, пясчаныя, пад лесам, часткова разараныя, на поўначы і поўдні забалочаныя.
Берагі нізкія, пясчана-тарфяністыя, пад лесам і хмызняком.
Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў да глыбіні 0,5–1 м пясчанае. Зарастае па ўсёй плошчы.
Водзяцца шчупак, верхаводка, гусцяра, язь, лешч, плотка, лінь, карась залаты, ёрш, акунь, краснапёрка.