ШОША, рака ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці
pdf

ШОША

Дата стварэння: 07.08.2025 15:31:48

Дата змены: 26.01.2026 10:11:55


Шо́ша

Рака ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Заходняя Дзвіна. Даўжыня 30 км.

Асноўны прыток — рака Чысцянка (злева).

Плошча вадазбору 304 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,5 ‰.

Выцякае з возера Шо (на поўдні-захадзе) за 1,4 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Надазер’е, упадае ў возера Пліса на ўсходзе, за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Прудаўё. Цячэ па Ушацка-Лепельскім узвышшы (у верхнім і сярэднім цячэнні па лясістай мясцовасці).

Даліна карытападобная, звілістая (большая частка пад лесам), шырыня 0,5⁠–⁠2 км, месцамі да 4 км.

Схілы умерана стромкія, у вусці на асобных участках абрывістыя.

Пойма вузкая, чаргуецца па берагах, часам адсутнічае.

Рэчышча звілістае, слабаразгалінаванае, шырынёй 3⁠–⁠5 м — у верхнім, да 12 м — у сярэднім і ніжнім цячэнні.

Берагі стромкія, абрывістыя.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54 % гадавога сцёку. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.