Свя́дава
Возера ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Шоша, за 30 км на паўночны ўсход ад горада Глыбокае, каля вёскі Зябкі.
Упадаюць 3 ручаі; выцякае ручай, які ўпадае ў возера Доўгае.
Плошча 0,74 км², даўжыня 2,08 км, максімальная шырыня 0,66 км, максімальная глыбіня 11,5 м. Абʼём вады 3,33 млн м³. Берагавая лінія (даўжыня 6,34 км) утварае некалькі невялікіх заліваў. Плошча вадазбору 5,3 км².
Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход; падводная частка лейкападобнай формы.
Схілы вышынёй 5–10 м (на захадзе 10–16 м), пераважна разараныя.
Берагі нізкія (да 0,2 м), пад хмызняком, у залівах часам багністыя (утвараецца сплавіна). На паўднёвым захадзе і захадзе пойма шырынёй да 200 м.
Дно выслана глеем, мелкаводдзе — пяском.
На возеры 2 востравы агульнай плошчай 0,4 га.
Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м.