Дата стварэння: 29.05.2025 09:22:23
Дата змены: 29.12.2025 13:14:39
Дняпро́ўска-Бу́гскі кана́л
Канал у Кобрынскім, Драгічынскім і Іванаўскім раёнах Брэсцкай вобласці; частка Дняпроўска-Бугскага воднага шляху. Звязвае рэкі Піна (левы прыток ракі Прыпяць, басейн ракі Дняпро) і Мухавец (правы прыток і басейн ракі Заходні Буг). Агульная даўжыня 93 км.
Асноўныя прытокі Бугскай часткі (заходняй) — каналы Арэхаўскі, Валавельскі, Каралеўскі, Павіцкі; Прыпяцкай часткі (усходняй) — каналы Ляхавіцкі, Жыроўскі, Белаазерскі, Залядынскі, Зуброўскі, Выцінскі і рака Сасновіца (справа).
Будаўніцтва пачата ў 1775 г. па ўказанні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1837–1848 гг. праведзена рэканструкцыя, пабудаваны каналы Белаазерскі і Арэхаўскі (ад назвы аднайменных азёр). Моцна пацярпеў у гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Цалкам адноўлены да 1947 г.
Канал праходзіць па забалочанай нізіне, вытокам умоўна лічыцца водападзел каля вёскі Селішча Драгічынскага раёна (у вусці канала Белаазерскі). Складаецца з дзвюх частак: Бугскай (ад вусця канала Белаазерскі да ўпадзення ракі Мухавец каля горада Кобрын, даўжыня 49 км) і Прыпяцкай (ад вусця канала Белаазерскі да ўпадзення ракі Піна каля вёскі Пераруб Іванаўскага раёна, даўжыня 44 км).
У навігацыйны перыяд глыбіня канала да 2 м, шырыня 40 м. Канал у асноўным жывіцца шляхам перакіду вады з Прыпяці праз азёры Святое, Валянскае (на тэрыторыі Украіны) і Белае. Узроўневы рэжым канала рэгулюецца пяццю гідратэхнічнымі збудаваннямі. Суднаходны да горада Брэст; не мае выхаду ў Заходні Буг (у вусці Мухаўца перагароджаны глухой плацінай для падпору вады). Працягласць суднаходнага шляху 243,2 км (Брэсцкі порт — гідравузел Стахава).
Па канале перавозяць пераважна мінеральныя, будаўнічыя матэрыялы, лес. Выкарыстоўваецца таксама як водапрыёмнік меліярацыйнай сістэмы.
Водзяцца шчупак, верхаводка, карась залаты і сярэбраны, плотка, пячкур, лінь, акунь, ёрш.
Аб’ект воднага турызму.