ВІЛІЯ, рака ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, Вілейскім раёне Мінскай вобласці, Смаргонскім і Астравецкім раёнах Гродзенскай вобласці і ў Літве, правы прыток ракі Нёман
pdf

ВІЛІЯ

Дата стварэння: 07.05.2025 13:53:07

Дата змены: 29.12.2025 10:07:35


Ві́лія

Рака ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, Вілейскім раёне Мінскай вобласці, Смаргонскім і Астравецкім раёнах Гродзенскай вобласці і ў Літве. Даўжыня 498 км, у Беларусі 264 км.

Правы прыток ракі Нёман. Асноўныя прытокі на тэрыторыі Беларусі: Сэрвач, Нарач, Страча (справа), Дзвінаса, Ілія, Уша, Ашмянка (злева).

Плошча вадазбору 25,1 тыс. км², на тэрыторыі Беларусі 11 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 186 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰. Азёрнасць тэрыторыі 2,6 %. Пачынаецца з невялікага балота за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Вялікае Поле Докшыцкага раёна, перасякае мяжу з Літвой за 2 км на паўночны захад ад вёскі Жарнэлі Астравецкага раёна, упадае ў Нёман каля горада Каўнас (Літва).

На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, галаўное вадасховішча Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Вадасховішча пітнога водазабеспячэння, частка вады з якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў раку Свіслач.

Даліна звілістая, добра распрацаваная, у верхнім цячэнні шырыня 1–3 км, бліжэй да вусця ракі Уша і далей да мяжы з Літвой звужаецца да 0,2–0,4 км, каля аграгарадка Жодзішкі Смаргонскага раёна — 1 км.

Схілы стромкія, часам абрывістыя, вышынёй 10–20 м, парослыя лесам і хмызняком, парэзаныя густой сеткай яроў і далін прытокаў. Амаль на ўсім працягу трапляюцца тэрасы.

Пойма ў верхнім цячэнні ў асноўным забалочаная, шырыней 200–400 м, ніжэй перарывістая, шырынёй 50–70 м, месцамі да 600 м; на ўчастку паміж вёскамі Стахі і Раздоры Вілейскага раёна шмат старыц.

Рэчышча ў верхнім цячэнні моцназвілістае, шырынёй 1–2 м, каля вусця ракі Уша 40–60 м (месцамі да 100 м), да ўпадзення ракі Балошынка 60–70 м; шмат пясчаных астравоў (выспаў), адмелін, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя ўчасткі. Рэчышча каналізавана ў Вілейскім раёне на працягу 22 км (ад моста на дарозе паміж вёскамі Мацеева Лагойскага раёна і Чысці-Вардамскія Докшыцкага раёна да вусця ракі Дзвінаса).

Берагі стромкія, месцамі спадзістыя, у вярхоўі тарфяністыя, вышынёй 2–10 м.

Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сакавіка і доўжыцца каля 50 сутак. Рэжым адрозніваецца інтэнсіўным веснавым разводдзем (каля 45 % гадавога сцёку) і нізкім узроўнем вады ў летнюю межань. Пасля стварэння Вілейскага вадасховішча ўзроўневы і сцёкавы рэжым ніжэй ад плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Сярэднегадавы расход вады каля горада Вілейка 28,1 м³/с, на выхадзе за мяжу Беларусі 80 м³/с. Замярзае ў верхнім цячэнні на пачатку снежня, у сярэднім і ніжнім — у канцы снежня ці на пачатку студзеня; крыгалом ў 2‑й палове сакавіка ад вярхоўяў да вусця. Максімальная таўшчыня лёду 51 см (люты). Веснавы крыгаход працягваецца 4–9 сутак. Сярэдняя тэмпература вады летам 18–20 °С, максімальная ў ліпені (27,9 °С, 1956).

Гідралагічныя назіранні вядуцца на пастах Сцешыцы, Вілейка і Міхалішкі.

У рацэ водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, гусцяра, пячкур, галавень, язь, ялец, краснапёрка, мянтуз, лінь, карась, вярхоўка, джгір і інш.

На рацэ размешчаны гарады Вілейка, Вільнюс і Каўнас (у вусці). У вярхоўі гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Верхневілейскі». На берагах у маляўнічых мясцінах створаны зоны адпачынку Вілейка, Плёсы; санаторыі «Вяжуці» (7 км ад вёскі Вяжуці Маладзечанскага раёна), «Залессе» (аграгарадок Залессе Смаргонскага раёна), дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лясная Паляна» (аграгарадок Жодзішкі Смаргонскага раёна).

Каля вытоку Віліі помнік прыроды — Бярозкаўскі дуб-волат.

Папулярны абʼект воднага турызму.