СЭРВАЧ, рака ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, Мядзельскім і Вілейскім раёнах Мінскай вобласці
pdf

СЭРВАЧ

Дата стварэння: 07.08.2025 15:25:22

Дата змены: 26.01.2026 10:11:22


Сэ́рвач

Рака ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, Мядзельскім і Вілейскім раёнах Мінскай вобласці. Даўжыня 85 км.

Правы прыток ракі Вілія. Асноўныя прытокі: ручай Сэрвач, рэкі Галядза, Зуйка (злева), Патачанка, Наква (справа).

Плошча вадазбору 1105 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,2 . Гушчыня рачной сеткі 0,39 км/км². Лясістасць тэрыторыі вадазбору 30 % (лясы пераважна мяшаныя), азёрнасць 1 %.

Выцякае на паўднёвым захадзе з возера Сэрвач у Докшыцкім раёне, упадае ў Вілейскае вадасховішча на паўднёвым ўсходзе ад аграгарадка Людвінова Вілейскага раёна.

Даліна ў верхнім і сярэднім цячэнні месцамі невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шырынёй 1,5–2,5 км, калі-нікалі звужаецца да 0,6–1 км.

Пойма двухбаковая, у вярхоўі забалочаная, тарфяністая, у сярэднім і ніжнім цячэнні сухая, пясчаная. Рэчышча моцназвілістае, у сярэднім цячэнні на працягу 1,8 км каналізаванае, шырынёй 2–5 м у верхнім цячэнні, у сярэднім і ніжнім 15–25 м, дзе-нідзе да 40 м.

Берагі стромкія, пясчаныя і супясчаныя, парослыя рэдкім хмызняком, вышынёй да 1 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 5–8 м.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 48 % аб’ёму гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,2–1,5 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом ў канцы 2‑й дэкады сакавіка. Веснавы крыгаход 5 сутак.

Пры ўпадзенні Наквы ў Сэрвач размешчаны гарадскі пасёлак Крывічы (Мядзельскі раён), каля аграгарадка Людвінова створана сажалка (плошча 0,1 км).

У вярхоўі ракі знаходзіцца гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Сэрвач», у маляўнічых мясцінах нізоўя — зона адпачынку рэспубліканскага значэння Вілейка.