Дата стварэння: 14.10.2024 10:15:57
Дата змены: 29.12.2025 11:06:57
На́рач
Іншая назва: Нарачанка.
Рака ў Вілейскім і Мядзельскім раёнах Мінскай вобласці. Даўжыня 75 км.
Правы прыток ракі Вілія. Выцякае з возера Нарач. Асноўныя прытокі: Вузлянка (злева), Спягліца, Ганутка (справа).
Плошча вадазбору 1650 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,9 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰. Гушчыня рачной сеткі 0,39 км/км². Лясістасць тэрыторыі вадазбору 41 %, азёрнасць 6 % (найбуйнейшыя азёры Нарач, Мястра, Баторына, Бледнае).
Бярэ пачатак з возера Нарач у Мядзельскім раёне, цячэ па Нарачана-Вілейскай нізіне, упадае ў Вілію за 1,2 км на паўднёвы захад ад вёскі Красніца Вілейскага раёна.
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім — трапецападобная, шырынёй 1–1,5 км.
Схілы ў ніжнім цячэнні пясчаныя, спадзістыя і ўмерана стромкія, вышынёй да 15–20 м.
Пойма двухбаковая (шырыня 300–600 м), месцамі парослая мяшаным лесам, ніжэй ад аграгарадка Нарач Вілейскага раёна перарывістая, вузкая, адкрытая.
Рэчышча звілістае, шырынёй 8–16 м, месцамі каналізавана.
Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, на астатнім працягу стромкія.
Рака замярзае ў пачатку снежня, крыгалом пачынаецца ў сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход працягваецца каля 9 сутак.
Вярхоўе ракі на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі». На маляўнічых берагах рэк Нарач і Вузлянка размешчана зона адпачынку мясцовага значэння Вузлянка. Каля вытоку ракі паблізу ад былога хутара Скок сажалкі.
Водзяцца сіг, шчупак, лешч, вугор рачны, ялец, верхаводка, гусцяра, язь, плотка, мянтуз, краснапёрка, акунь, джгір звычайны.
Рака папулярная сярод турыстаў-воднікаў.