МЯСТРА, возера ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці
pdf

МЯСТРА

Дата стварэння: 07.05.2025 13:56:50

Дата змены: 23.03.2026 10:45:09


location Google location Yandex

Мястра, возера ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці


Мя́стра

Возера ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці.

Размешчана ў басейне ракі Нарач, каля горада Мядзел. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр.

Плошча 13,1 км², даўжыня 5,8 км, максімальная шырыня 4,5 км, максімальная глыбіня 11,3 м. Абʼём вады 70,1 млн м³. Празрыстасць 1,5 м. Берагавая лінія (даўжыня 20,2 км) звілістая, утварае некалькі паўастравоў і заліваў (Панасаўка, Мядзельская лука, Паўночная лука). Плошча вадазбору 120 км².

Катлавіна запруднага тыпу, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Два мысы, што далёка ўразаюцца ў возера, падзяляюць паўночны і паўднёвы плёсы.

Схілы вышынёй 2–3 м (на поўначы і поўдні — 6–10 м), спадзістыя, разараныя, на поўдні і паўднёвым захадзе пад лесам.

Берагі на поўначы і паўночным усходзе зліваюцца са схіламі, астатнія нізкія (вышыня 0,2 м), пясчаныя, на поўдні і ўсходзе забалочаныя. На асобных участках уздоўж берагоў цягнецца берагавы вал вышынёй да 1 м.

Дно паўночнага плёса складанай будовы, шматлікія пясчаныя і пясчана-жвіровыя падняцці (глыбіня 2–4 м) чаргуюцца з упадзінамі (глыбіня 8–11 м). На паўднёвым плёсе глыбіня павялічваецца да 8 м. Зона мелкаводдзя пясчаная, на асобных участках пясчана-галечная, загрувашчаная валунамі. Глыбей пашыраны сапрапелі і гляі.

Расліннасць утварае ўздоўж берагоў некалькі палос (падводная пашырана да глыбіні 4 м).

Водзяцца рапушка еўрапейская, шчупак, верхаводка, вугор рачны, лешч, гусцяра, карп, карась сярэбраны, пячкур, язь, плотка, лінь, краснапёрка, мянтуз, джгір звычайны, акунь, судак.

Дзейнічае гідралагічны пост у вёсцы Гатавічы.

Злучана пратокамі з азёрамі Баторына, Скрыпава, Шастакова. Сцёк праз пратоку Скема ў возера Нарач.

Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Нарачанскі».