Засла́ўскае
Іншая назва: Мінскае мора.
Вадасховішча ў Мінскім раёне, у складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы; 2‑і па велічыні штучны вадаём у Беларусі (пасля Вілейскага вадасховішча).
Пабудавана там, дзе зліваюцца даліны рэк Свіслач, Ратамка і Вяча, за 10 км на паўночны захад ад Мінска, за 299 км ад вусця Свіслачы.
Пабудавана ў 1956 г. і запаўнялася на працягу 1955–1958 гг. для энергетычных мэт. У 1977 г. рэканструявана і добраўпарадкавана.
Плошча воднага люстэрка 26,86 км², даўжыня 9,2 км, максімальная шырыня 4,5 км, максімальная глыбіня 8 м, пры сярэдняй 3,8 м. Поўны аб’ём 103,0 млн м³, карысны аб’ём 99,5 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 42,1 км.
Вадазбор моцнаўзгорысты, падзелены лагчынамі і ярамі, са спрыяльнымі мікракліматычнымі ўмовамі і маляўнічымі хваёвымі лясамі. Плошча вадазбору 596 км², разаранасць 34 %, лясістасць 43 %. Сярэдні шматгадовы сцёк 129,6 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года перавышаюць 1 м.
Катлавіна вадасховішча — затопленая забалочаная пойма даліны Свіслачы.
Дно да 2 м пясчанае, да глыбіні 8 м выслана глеем, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Асобныя ўчасткі характарызуюцца запаволеным водаабменам.
Берагі спадзістыя, на поўдні і захадзе пад лесам з пасадкамі таполі, вербы, акацыі, на поўначы разараныя, на ўсходзе і паўднёвым усходзе пад хваёвым лесам. Уздоўж берагоў каля 10 % плошчы зарастае (чарот азёрны, трыснёг звычайны, аер звычайны, трапляюцца ўрэчнік, драсён земнаводны), асабліва ў залівах і ў вярхоўі.
Ёсць 3 глыбакаводныя залівы (найбуйнейшы Ратамскі, на ўсходзе — Спартакаўскі заліў), 11 астравоў (агульная плошча каля 0,29 км²).
Улетку вада праграецца да 21 °С (паверхневы слой). Сярэднямесячная тэмпература вады ў ліпені — жніўні 18–21 °С, у асобныя гады ў жніўні дасягае 27 °С. Празрыстасць вады да 2 м.
Пераважаюць вятры паўночна-заходняга напрамку з хуткасцю 1–5 м/с (часам больш за 10 м/с). Вятры могуць ствараць хвалі вышынёй 0,7–1,2 м.
Замярзае на пачатку снежня, лёд (таўшчыня 60–70 см) трымаецца да канца сакавіка — пачатку красавіка. Сярэдняя працягласць ледаставу 125–130 дзён.
Рэжым вадасховішча вывучаецца з 1956 г., назіранні вядуцца на гідралагічным пасту — Заслаўскі гідравузел. Збудаванні гідравузла: земляная плаціна (даўжыня 831 м, максімальная вышыня 12 м), якая умацавана бетоннымі плітамі; паўночная агараджальная дамба (даўжыня 1,64 км, максімальная вышыня 1,5 м), вадаскід, міні ГЭС, слаламны канал ва ўсходняй частцы, помпавая станцыя. Пры ўпадзенні Вячы створаны польдары.
Іхтыяфаўна разнастайная, характэрная для большасці вадасховішчаў рачнога тыпу. Водзяцца шчупак, лешч, верхаводка, акунь, гусцяра, судак, карась сярэбраны, карп, пячкур, язь, плотка, краснапёрка, лінь, джгір. На астравах гняздоўі чаек, качак.
Выкарыстоўваецца для патрэб водазабеспячэння, энергетыкі, рэкрэацыі і спорту.
На беразе вадасховішча размешчаны: санаторыі «Юнацтва», «Пралеска», «Прыморскі», санаторый-прафілакторый БНТУ «Палітэхнік», спартыўна-аздараўленчая база Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Ратамка», базы адпачынку; лодачная станцыя, спартыўныя базы, аздараўленчыя лагеры; Рэспубліканская школа спартыўнага майстэрства па водных відах спорту.
Пабудаваны каналы для заняткаў веславаннем і водным слаламам.
На заходнім, паўднёвым, паўднёва-ўсходнім і ўсходнім берагах створаны штучныя пясчаныя пляжы (даўжыня 6 км, шырыня 20–50 м); на паўднёва-заходнім і паўночна-ўсходнім берагах дамбамі ад вадасховішча адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдары. На паўночным беразе размешчаны лугапарк плошчай 330 га, вёска Лапаравічы, на паўднёва-ўсходнім — вёска Зарэчча‑1, пры ўпадзенні Свіслачы — горад Заслаўе. Па вадасховішчы праводзіцца цеплаходная экскурсія. Знаходзіцца на тэрыторыі курорта Ждановічы. Уваходзіць у зону адпачынку Мінскае мора.
Абслугоўваецца КУВП «Мінскводаканал».