Дата стварэння: 14.10.2024 10:19:17
Дата змены: 29.12.2025 12:32:54
Ускрыцце (рэк і вадаёмаў)
Іншая назва: крыгалом.
Працэс разбурэння зімовага ледзянога покрыва пад дзеяннем цяпла, адталай вады і механічных сіл; фаза лядовага рэжыму, штогод і рэгулярна паўтараецца пасля ледаставу.
У канцы зімы, у 2‑й палове лютага — пачатку сакавіка, адлігі часта парушаюць нарастанне лёду, а на рэках на поўдні і паўднёвым захадзе Беларусі ўзнікаюць зімовыя крыгаходы і паводкі. Канчаткова крыгалом на рэках (пасля крыгаход) адбываецца пераважна ў 2‑й палове сакавіка. Крыгалому звычайна папярэднічае ўтварэнне закраін і лёдавыя зрухі — раптоўны зрух ледаставу на некалькі метраў уніз па цячэнні. На паўднёвым захадзе рэспублікі крыгалом пачынаецца ў 2–3 дэкадзе сакавіка, на працягу месяца паступова рухаючыся на ўсход. Працягласць веснавога крыгаходу ад двух да дзесяці сутак, радзей цягнецца да двух месяцаў. Пры ранняй і няўстойлівай вясне крыгаход можа і не адзначацца, лёд растае на месцы.
На азёрах і вадасховішчах перад крыгаломам ўтвараюцца закраіны ўздоўж берагоў — раставанне лёду каля берага з прычыны больш хуткага награвання сушы. Усцяж берага лёд пакрыты вадой. Тэмпература вады паступова павялічваецца з-за паступлення цяплейшых талых водаў. Лёд пакрысе цямнее, становіцца больш рыхлым. У цэнтры вадаёмаў лёд падымаецца і разбураецца пры ветравой дзейнасці. На непраточных азёрах лёд у асноўным растае на месцы без крыгаходу. На праточных азёрах, у якія ўпадаюць вялікія рэкі, зрэдку можна назіраць рэдкі крыгаход. Ачышчаюцца ад лёду азёры і вадасховішчы на 10–15 дзён пазней, чым рэкі.
Характарыстыкі лядовага рэжыму адрозніваюцца па гідралагічных раёнах. У Прыпяцкім гідралагічным раёне веснавы крыгаход адзначаецца 10–20 лютага, у сярэднім 10–20 лютага, найбольш позняя дата — 10–20 красавіка. На поўначы Беларусі ў Заходне-Дзвінскім гідралагічным раёне, адпаведна, ранняя дата 10–23 сакавіка; сярэдняя 1–10 красавіка; позняя дата 20–30 красавіка.
Моцны крыгаход можа пашкодзіць плаціны, масты і іншыя збудаванні.
Поўнае ачышчэнне ад лёду ў Прыпяцкім гідралагічным раёне назіраецца: найбольш ранні тэрмін — 1–10 сакавіка, у сярэднім — 20–31 сакавіка, найбольш позняя дата — 10–20 красавіка.
У Заходне-Дзвінскім гідралагічным раёне, адпаведна, ранняя дата ачышчэння ад лёду — 20–31 сакавіка; сярэдняя — 1–10 красавіка; позняя — 20–30 красавіка.
Перыяд без ледаставу вагаецца ад 175 да 200 сутак.