ЛЁД, агульная назва цвёрдай фазы вады
pdf

ЛЁД

Дата стварэння: 11.06.2025 14:44:25

Дата змены: 23.03.2026 11:38:11


Лёд

Агульная назва цвёрдай фазы вады. Вядомы некалькі відаў лёду — аморфны і 10 крышталічных мадыфікацый (гексаганальная, кубічная, тэтраганальная і інш.). Амаль усё нагрувашчанне прыроднага лёду ўтворана гексаганальнай мадыфікацыяй, якая мае назву «Лёд I», са шчыльнасцю 931 кг/м³, цеплаёмістасцю 2,135 кДж/(кг·К) пры 0 °С, цеплынёй раставання 334 кДж/кг.

Па месцы паходжання адрозніваюць лёд атмасферны (снег, іней, град); водны, які ўтвараецца на паверхні вады (ледзяное сала, лядовае покрыва) і ў воднай масе на рознай глыбіні (унутрыводны лёд); грунтавы, што ўтвараецца ў прамерзлых вільготных грунтах; ледавіковы (глетчарны).

Асноўныя запасы лёду на Зямлі знаходзяцца ў палярных краінах і складаюць каля 30 млн км³.

Ва ўмовах Беларусі лёд утвараецца зімой на рэках і вадаёмах, у глебе і грунтах, выпадае з воблакаў, утварае снегавое покрыва, галалёд, галалёдзіцу, шэрань, іней і інш.; у цёплую пару года выпадае з воблакаў у выглядзе граду.

У геалагічным мінулым на тэрыторыі Беларусі існавала магутнае ледавіковае покрыва, якое ўтварылася падчас мацерыковых зледзяненняў антрапагену.