ГАЛАЛЁД, слой шчыльнага лёду, які нарастае на прадметах ад намярзання кропель вельмі халоднага дажджу, імжы або туману
pdf

ГАЛАЛЁД

Дата стварэння: 19.06.2025 10:52:47

Дата змены: 29.08.2025 11:06:30


Галалёд

Слой шчыльнага лёду, які нарастае на прадметах ад намярзання кропель вельмі халоднага дажджу, імжы або туману.

У Беларусі ў сярэднім за год назіраецца 7–19 дзён з галалёдам, максімальна — 14–40 дзён. Колькасць дзён з галалёдам павялічваецца залежна ад вышыні мясцовасці, найбольшая паўтаральнасць зафіксавана на Навагрудскім узвышшы — да 60 дзён (у 1959–1960). Бывае практычна штогод з лістапада па сакавік.

Першы галалёд адзначаецца ў кастрычніку, у асобных раёнах — у верасні (раз у 25–30 гадоў на захадзе і ўсходзе Беларусі). Максімальная колькасць дзён з галалёдам адзначаецца ў снежні і вагаецца ад 5 (горад Пінск) да 19 (Мінск). Часам галалёд здараецца ў красавіку (максімальна 2 дні).

Звычайна працягваецца 10–12 гадз, але можа назірацца і некалькі сутак (у 1960 у горадзе Барысаў — 446 гадз, у горадзе Беразіно — 170 гадз). Часцей за ўсё (80 %) утвараецца пры тэмпературах паветра ад 0 да −5 °С, але зрэдку і пры больш нізкіх (да −16 °С).

Галалёд адмоўна ўплывае на працу сувязі, энергетыкі, транспарту, будаўніцтва, камунальнай і сельскай гаспадаркі.