Дата стварэння: 14.10.2024 10:28:20
Дата змены: 20.03.2026 15:22:39
Кастры́чнік (ад слова «кастрыца» — адзеравянелая частка льну, які апрацоўвалі ў гэты час)
Дзясяты месяц каляндарнага года (31 суткі), тыповы восеньскі месяц. Руская назва «октябрь» (лац. october ад octo восем, 8‑ы месяц у старажытнарымскім календары).
Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў кастрычніку (кліматычная норма) ад 5,1 °С на Аршанска-Магілёўскай раўніне да 7,7 °С на Прыбужскай раўніне, што на 5,3–6,2 °С ніжэй, чым у верасні. У асобныя гады тэмпература паветра можа заўважна адхіляцца ад нормы. Так, тэмпература ў халодныя гады была на 2–4 °С ніжэй за норму (у 1946–1947, 1951, 1976, 1979 і 1992), а ў цёплыя — на 2–3 °С вышэй за норму (у 1966, 1967, 1984, 2000–2001). У Беларусі самы цёплы кастрычнік (9,7 °С) быў у 1967 г. пры кліматычнай норме 6,2 °С. Самы халодны кастрычнік (2,2 °С) назіраўся ў 1946 і 1976 гг.
Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 5 °С у бок паніжэння адбываецца з канца 2‑й дэкады кастрычніка. Ноччу тэмпература ў асноўным бывае 1,6–4,4 °С, пры пахаладаннях апускаецца ніжэй за −4…−6 °С.
Абсалютны максімум тэмпературы паветра (27,7 °С) зарэгістраваны 7 кастрычніка 1893 г. у горадзе Калінкавічы (Гомельская вобласць). Днём 4 кастрычніка 1999 г. у горадзе Касцюковічы (Магілёўская вобласць) тэмпература паветра дасягнула 27,6 °С. Абсалютны мінімум (−19,8 °С) адзначаны ноччу 31 кастрычніка 1966 г. у гарадскім пасёлку Езярышча (Віцебская вобласць).
Абсалютны максімум атмасфернага ціску на ўзроўні метэаралагічнай станцыі зафіксаваны 28 кастрычніка 1987 г. у гарадскім пасёлку Брагін (Гомельская вобласць) — 1033,9 гПа (777 мм рт. сл.) пры норме па дадзеным пункце 1005,5 гПа (756 мм рт. сл.), Абсалютны мінімум — 21 кастрычніка 1996 г. на метэастанцыі Палеская — 945,7 гПа (711 мм рт. сл.).
У кастрычніку палова дзён з атмасфернымі ападкамі. За месяц выпадае 40–60 мм. Кожны год месячная сума ападкаў значна вагаецца, у дажджлівыя месяцы яна можа перавышаць норму ў 2–5 разоў і дасягаць 100–250 мм, а ў засушлівыя гады памяншацца да 1–10 мм. Самы дажджлівы кастрычнік быў у 2002 г. з сярэдняй колькасцю ападкаў па рэспубліцы 130 мм (2,5 месячных норм), самы сухі — у 2000 г., калі выпала 6 мм ападкаў, або толькі 12 % сярэднешматгадовай колькасці (норма 51 мм). Максімальная колькасць ападкаў (248 мм, больш за 5,5 месячных норм) выпала ў 1974 г. у горадзе Брэст пры кліматычнай норме 44 мм. У кастрычніку 2000 г. у горадзе Гродна ападкаў наогул не назіралася (норма для дадзенага пункта 42 мм). Максімальная сутачная колькасць ападкаў (65 мм) зафіксавана 6 кастрычніка 1963 г. у горадзе Пінск (Брэсцкая вобласць) пры месячнай норме для гэтага пункта 49 мм (133 %).
Часам у кастрычніку выпадае першы снег (пераважна ў 2‑й ці 3‑й дэкадзе), які звычайна тае. Толькі ў выпадку вельмі ранняй зімы ў 3‑й дэкадзе месяца кладзецца снегавое покрыва, за выключэннем крайніх паўднёвых і заходніх раёнаў рэспублікі, дзе самыя раннія тэрміны яго ўсталявання прыпадаюць на пачатак лістапада.
У кастрычніку было адзначана: 3 дні з навальніцай у 1956 г. у гарадскім пасёлку Жыткавічы (цяпер горад, Гомельская вобласць) і горадзе Мар’іна Горка (Мінская вобласць), у 1968 г. у горадзе Валожын (Мінская вобласць), у 1969 г. у горадзе Мазыр (Гомельская вобласць), у 1981 г. у гарадах Беразіно (Мінская вобласць), Жлобін (Гомельская вобласць), гарадскім пасёлку Клічаў (цяпер горад) і горадзе Бабруйск (Магілёўская вобласць), у 1994 г. у гарадах Касцюковічы і Чачэрск (Магілёўская вобласць); 3 дні з градам у 1971 г. на метэастанцыі Нарач; 25 дзён з туманам у 1964 г. у горадзе Ашмяны (Гродзенская вобласць). Працягласць туманаў 168 гадз (7 сутак) была зафіксавана ў 1977 г. у горадзе Баранавічы (Брэсцкая вобласць).
Найбольшы парыў ветру (35 м/с) зарэгістраваны 23 кастрычніка 1971 г. у горадзе Лепель (Віцебская вобласць).