МЕТЭАРАЛАГІЧНАЯ СТАНЦЫЯ, вытворчае падраздзяленне, якое ажыццяўляе рэгулярныя метэаралагічныя назіранні за станам
pdf

МЕТЭАРАЛАГІЧНАЯ СТАНЦЫЯ

Дата стварэння: 11.06.2025 14:49:04

Дата змены: 13.03.2026 09:58:34


Метэаралагі́чная стан́цыя

Вытворчае падраздзяленне, якое ажыццяўляе рэгулярныя метэаралагічныя назіранні за станам надвор’я.

У Беларусі першыя метэаралагічныя станцыі створаны ў гарадах Магілёў (1809), Віцебск (1810), Брэст (1834), Горкі (1841), Мінск (1849).

Складаецца з метэаралагічнай пляцоўкі, дзе размешчаны асноўныя прыборы для метэаназіранняў і будынкі, дзе ўстанаўліваюцца барометры, барографы і іншыя прыборы, вядзецца апрацоўка назіранняў. Метэаралагічная станцыя абсталявана стандартнай для дадзенай сеткі апаратурай, з дапамогай якой праводзяцца назіранні ў пэўныя тэрміны і ў дакладнай паслядоўнасці. У залежнасці ад аб’ёму назіранняў і работ падзяляюцца на 3 разрады. Вылучаюць таксама асноўныя (у т. л. рэперныя) і спецыяльныя станцыі. Асноўныя прызначаны для сістэматычнага атрымання метэаралагічнай інфармацыі з неабходнай паўнатой і дакладнасцю. Спрадвечныя змены клімату вывучаюць на рэперных станцыях: [у гарадах Ашмяны (Гродзенская вобласць), Брэст, Васілевічы (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці), Гомель, Горкі (Магілёўская вобласць), Мар’іна Горка (Мінская вобласць), Мінск (на праспекце Незалежнасці), Пінск (Брэсцкая вобласць), у вёсцы Домжарыцы (на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці)]. Спецыяльныя метэаралагічныя станцыі вывучаюць мясцовыя асаблівасці метэаралагічных умоў.

У Беларусі прыземныя метэаралагічныя назіранні ажыццяўляюцца на 144 стацыянарных пунктах, з іх 73 пункты функцыянуюць па праграме метэаралагічнай станцыі, 71 пункт — па праграме метэаралагічнага паста (2026).

Назіранні больш чым за 40 метэаралагічнымі параметрамі (тэмпература і вільготнасць паветра, параметры ветру, атмасферны ціск і іншыя, а таксама за неспрыяльнымі і небяспечнымі з’явамі надвор’я) ажыццяўляюцца штатам супрацоўнікаў па поўнай праграме назіранняў (кругласутачна) на 37 станцыях, па скарочанай праграме — на 12 станцыях. На 24 аўтаномных пунктах назіранняў даныя фарміруюцца ў аўтаматычным рэжыме (без штата супрацоўнікаў), з іх 8 знаходзяцца ў Мінску.