Дата стварэння: 14.10.2024 10:26:45
Дата змены: 29.08.2025 10:24:48
Галалёдзіца
Лёд або абледзянелы снег на паверхні зямлі, які ўтвараецца пасля адлігі або дажджу ў выніку наступлення пахаладання, а таксама ў выніку замярзання мокрага снегу, кропель дажджу, імжы або густога туману ад судакранання з моцна ахалоджанай паверхняй.
Часцей за ўсё адзначаецца адначасова з галалёдам, але ў адрозненне ад апошняга назіраецца толькі на паверхні зямлі, найперш на дарогах, утварае ледзяную скарынку.
Максімум дзён з галалёдзіцай адзначаецца ў студзені. Па тэрыторыі Беларусі вагаецца ад 5 (горад Вілейка) да 31 дня (у гарадах Віцебск, Навагрудак, Орша).
Цяпер надвор’е стала менш устойлівае, часцей паўтараюцца адлігі, іх працягласць, нярэдка зімой ідуць дажджы, выпадае мокры снег. Усе гэтыя прыродныя з’явы спрыяюць ўтварэнню галалёдзіцы.
Галалёдзіца адмоўна ўплывае на працу транспарту, асабліва аўтамабільнага, пагаршае якасць дарожнага пакрыцця, павялічвае тармазны шлях, што нярэдка з’яўляецца прычынай дарожна-транспартных здарэнняў і траўматызму пешаходаў.