Дата стварэння: 11.06.2025 14:36:18
Дата змены: 23.03.2026 11:31:11
І́ней
Тонкі нераўнамерны слой крышталічнага лёду.
Утвараецца праз сублімацыю вадзяной пары з паветра на паверхні зямлі і прадметаў, калі іх тэмпература ніжэй за 0 °С. Крышталікі інею пры слабых маразах маюць форму шасцівугольных прызмаў, пры ўмераных — пласцінак, пры моцных — тупаканцовых іголак. Багатае ападанне інею назіраецца ў ясныя, ціхія ночы на траве, кустах і дрэвах, на правадах пры іх радыяцыйным ахаладжэнні (максімальнае асаджэнне на 5‑міліметровых правадах не перавышае 2–3 мм); зімой нярэдка бывае на снегавым покрыве. Часам утвараецца асаблівы від інею — інеевыя кветкі — дробныя крышталі лёду, якія размяшчаюцца плямамі, што нагадваюць па форме лісце дрэў або кветкі. Яны ўтвараюцца на цёплай паверхні глебы, замёрзлых рэк і азёр у выніку рэзкага пахаладання, якое надыходзіць пасля працяглага пацяплення восенню.
У Беларусі іней назіраецца пераважна з верасня па май. Зрэдку бывае летам у волкіх замкнёных катлавінах, на асушаных балотах пры інтэнсіўных замаразках. У Мінску за год адзначаецца ад 50 да 110 сутак з інеем. У адрозненне ад галалёду і шэрані не наносіць шкоды народнай гаспадарцы.