ПАГОСТ, вадасховішча ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці
pdf

ПАГОСТ

Дата стварэння: 16.05.2025 15:18:23

Дата змены: 03.03.2026 10:18:39


location Google location Yandex

Пагост, вадасховішча ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці


Паго́ст

Вадасховішча ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці.

Размешчана за 22 км на паўночны ўсход ад горада Пінск паміж аграгарадком Новы Двор, вёскамі Чухава, Ботава і Вяз.

Пабудавана ў 1978 г. з мэтай арашэння земляў саўгаса «Парахонскі» на месцы большай часткі возера Пагосцкае (31 % ад плошчы вадасховішча) і прылеглых да яго земляў. На паўночны ўсход ад вадасховішча размешчаны невялікі ўчастак возера, які аддзелены агараджальнай плацінай. Водаабмен паміж імі ажыццяўляецца пры дапамозе помпавай станцыі па пратоцы, якая злучана з ракой Бобрык 1‑ы. Пратока з’яўляецца часткай ручая, які раней цёк праз возера Пагосцкае. Ад вытоку ручай каналізаваны і не ўпадае ў вадасховішча.

Вадасховішча круглаватай формы, злёгку выцягнута з усходу на захад.

Плошча воднага люстэрка 16,2 км², даўжыня 6,1 км². Шырыня сярэдняя 2,6 км пры максімальнай 3,9 км. Глыбіня сярэдняя 3,4 пры максімальнай 9,9 м. Поўны аб’ём вадасховішча 54,5 млн м³, карысны аб’ём 44,8 млн м³. Сярэдні шматгадовы сцёк больш за 89,3 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 2–3 м. Даўжыня берагавой лініі 16,2 км.

Вадазбор прадстаўлены забалочанай раўнінай. Плошча вадазбору 710 км², разаранасць 15 %, лясістасць 58 %, забалочанасць 36 %.

Дно пясчанае, берагі спадзістыя.

Берагі з паўночнага захаду паўсюдна пясчаныя, засаджаны вярбой.

Вада ў вадасховішчы праграецца ў межах 16,3‒17,5 °С каля паверхні, на 0,3‒0,5 °С ніжэй у прыдонных слаях.

Замярзае ў сярэдзіне лістапада — пачатку студзеня, лёд таўшчынёй 40–60 см.

Ложа азёрнага тыпу, аконтурана галаўной і агараджальнай плацінамі. Выразна вылучаецца глыбакаводная азёрная частка. Большая частка ложа выслана пяскамі, супескам.

Напаўняецца праз сцёк ракі Бобрык 1‑ы.

Збудаванні гідравузла: водазаборны вузел уключае плаціну (даўжыня 584 м), 2 шлюзы-рэгулятары, рыбаахоўнае і лёдаахоўнае збудаванне, водападводны канал (даўжыня 8,6 км), напорная агараджальная дамба (даўжыня 16,2 км), вадавыпуск, 2 водазаборы, помпавая станцыя, 2 трубы-рэгулятары, дзюкер. Дамба-плаціна адсякае частку возера.

У канцы 1990‑х гг. вадасховішча зарыблялі карпам, карасём, шчупаком і раслінаеднымі рыбамі. Водзяцца лешч, плотка, акунь, шчупак, карась, уюн, мянтуз. Рыбапрадукцыйнасць 2,8–4,9 ц/га.

Большая частка водных раслін расце на мелкаводдзях уздоўж берагавой лініі. Пераважаюць пагружаныя (рагаліснік, урэчнікі, драсён земнаводны). Плошча зарастання вадасховішча каля 10 %. Сярод вадарасцей пераважаюць цыянабактэрыі (85 %). Сярод заабентасу па прадукцыйнасці пераважаюць хіранаміды, або камары-званцы (10,8 г/м²); алігахеты і малюскі маюць больш нізкую прадукцыйнасць.

Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння сажалак рыбгаса «Палессе», увільгатнення сельскагаспадарчых угоддзяў, рэкрэацыі, заняткаў воднымі відамі спорту, аматарскага рыбалоўства.

На беразе вадасховішча размешчаны дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак».

Абслугоўваецца УП «Пінскае ПМС».