Дата стварэння: 22.05.2025 08:54:47
Дата змены: 08.01.2026 11:41:35
Бо́брык 1‑ы
Рака ў Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці. Даўжыня 109 км.
Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі: рака Вісліца (справа), каналы Хатыніцкі, Плотніцкі, Багданаўка (злева).
Выцякае з ляснога балота за 2,5 км на паўночны захад ад вёскі Сукач Ганцавіцкага раёна, працякае па паўднёвай частцы нізіны Прыпяцкае Палессе. Вусце за 2 км на паўночны захад ад чыгуначнай станцыі Прыпяць на лініі Столін — Ганцавічы.
Плошча вадазбору 1 902 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰. Рэльеф вадазбору пераважна плоскахвалісты, з пясчанымі ўзгоркамі і градамі вышынёй да 6–8 м. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 50 % (лясы змешаныя, з перавагай іглічных парод, распаўсюджаны ў паўночнай і цэнтральнай частках вадазбору).
Даліна слаба выражана.
Схілы спадзістыя, зліваюцца з прылеглай мясцовасцю, прарэзаны сеткай меліярацыйных каналаў.
Пойма двухбаковая, шырыня ў сярэднім цячэнні 0,5–1 км, у ніжнім зліваецца з поймай Прыпяці; у вясновае разводдзе затапляецца ля вытоку і ў вусця.
Рэчышча каналізавана на працягу 102 км, пракладзена за 0,5‒3 км ад ранейшага, яго шырыня ў вярхоўі 3‒3,5 м, у ніжнім цячэнні да 40 м.
Берагі ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя, у верхнім цячэнні вышыня 0,4–0,5 м, на астатнім працягу 1–2 м, месцамі да 3 м.
На вясновае разводдзе прыпадае 65 % гадавога сцёку.
У пойме ракі ў Пінскім раёне створаны наліўное вадасховішча Пагост, сажалкі рыбгаса «Палессе» і 2 невялікія сажалкі (11 га і 2,6 га) каля аграгарадка Парахонск.
На рацэ знаходзяцца зоны адпачынку мясцовага значэння Бобрык і Дабраслаўка Пінскага раёна.
Знаходзіцца ў межах ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць».