Дата стварэння: 21.05.2025 15:22:37
Дата змены: 08.01.2026 11:41:25
Ві́сліца
Рака ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Даўжыня 41,8 км.
Правы прыток ракі Бобрык 1‑ы. Асноўныя прытокі: каналы Ліпнікі, Дабраслаўка (левыя).
Пачынаецца з асушальнай канавы за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Рэчкі, працякае па заходняй частцы нізіны Прыпяцкае Палессе. Вусце каля вёскі Дубнавічы.
Плошча вадазбору 543 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,2 ‰.
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, паміж вёскай Юзафіны і аграгарадком Новы Двор трапецападобная, шырыня 1–3 км.
Пойма двухбаковая, шырыня 0,3–0,7 км.
Рэчышча каналізаванае па ўсёй даўжыні ракі (шырыня да 4 м, ніжэй ад аграгарадка Новы Двор да 20 м), абвалавана дамбамі.
Пасля стварэння вадасховішча Пагост (1978) цячэ па новым рэчышчы (канале), агінаючы з поўдня вадасховішча і сажалкі рыбгаса «Палессе».