Зэ́львенскае
Вадасховішча ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці.
Размешчана на рацэ Зальвянка, паміж вёскамі Бярэжкі, Лаўрыновічы, Навасёлкі, Івашкавічы, аграгарадкамі Кашалі і Каралін, часткова ў межах гарадскога пасёлка Зэльва.
Пабудавана ў 1983–1984 гг.
Плошча 12 км², даўжыня 9 км, максімальная шырыня 2 км, максімальная глыбіня 7,5 м. Аб’ём вады 28 млн м³.
Плошча вадазбору 1215 км². Вадазбор раўнінны (разаранасць 20 %, залесенасць 30 %, забалочанасць 40 %). Сярэдні гадавы сцёк 207 млн м³. Моцнапраточнае. Ваганні ўзроўню на працягу года 2 м. Рэчышчавае, сезоннага рэгулявання. Правы бераг больш высокі і стромкі, амаль цалкам пад лесам, левы — нізкі, спадзісты, да яго прымыкаюць ворныя землі, пашы, сенажаці, падчас паводкі заліваецца вадой.
У Зэльве на левым беразе лесапарк плошчай 47 га.
Збудаванні гідравузла: плаціна, агараджальная дамба, вадаскід, водазабор (вежавы).
Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбагадоўлі, рэкрэацыі. Паблізу знаходзяцца база адпачынку «Беражкі», турысцкія аграсядзібы «Верас» (вёска Казловічы) і «Лаўрыновічы» (Зэльва).