Лу́каўскае
Іншая назва: Лукава.
Вадасховішча ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Мухавец, на месцы былога возера Лукаўскае (плошча 3,5 км²), за 16 км на паўночны ўсход ад горада Маларыта, каля аграгарадка Лукава.
Пабудавана ў 1980 г.
Плошча 5,4 км, даўжыня 3,2 км, максімальная шырыня 2,7 км, максімальная глыбіня 11,5 м. Аб’ём вады 23,2 млн м³.
Плошча вадазбору 111,9 км², вадазбор раўнінны (разаранасць 25 %, залесенасць 30 %, забалочанасць 37 %). Сярэдні гадавы сцёк больш за 12 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,1 м. Абгароджана дамбай даўжынёй 9,5 км. Больш за 50 % плошчы дна выслана сапрапелем.
Упадае некалькі меліярацыйных каналаў, выцякае рака Асіпоўка і канал Гусацкі. Азёрнага тыпу, сезоннага рэгулявання, напаўняецца праз сцёк ракі Рыта.
Збудаванні гідравузла: 2 напорныя дамбы (агульная даўжыня 8,145 км, максімальная вышыня 4,5 м і 4,3 м), шлюз-рэгулятар, помпавая станцыя, вадавыпуск (даўжыня 57 м).
Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення сельскагаспадарчых угоддзяў, рэкрэацыі.