Саліго́рскае
Вадасховішча ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці.
Размешчана ў сярэднім цячэнні ракі Случ (за 115 км ад яе вусця), каля горада Салігорск.
Пабудавана ў 1967 г.
Плошча воднага люстэрка 23,1 км², даўжыня 24 км, максімальная шырыня 2 км пры сярэдняй 1 км. Максімальная глыбіня 4,5 м пры сярэдняй 2,5 м. Поўны аб’ём вады 55,9 млн м³, карысны аб’ём 38 млн м³. Вышыня напору ў створы галаўной плаціны 4,5 м. Сярэдні шматгадовы сцёк больш за 288 млн м³. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Паказчык водаабмену 5,15.
Вадазбор — гэта слаба падзеленая раўніна: на захадзе — узвышаная (складзена ўзгоркамі, ў раёне вёсак Пагост‑1 і Пагост‑2 — канцова-марэннымі градамі), на ўсходзе — нізінная. Плошча вадазбору 1793 км², разаранасць 20 %, лясістасць 15 %, забалочанасць 32 %, азёрнасць нязначная.
Агульная мінералізацыя вады вагаецца ў межах 280–370 мг/дм³. Павышаная мінералізацыя водаў тлумачыцца тым, што вадазбор забруджваецца сцёкамі з тэрыторыі ААТ «Беларуськалій».
Сярэдняя частка катлавіны на працягу 13 км размяшчаецца ў зоне асядання зямной паверхні над выпрацоўкамі калійных солей Старобінскага радовішча.
Паводле марфалагічнай будовы, ложа — рэчышчавае. Адклады ложа прадстаўлены ў асноўным тарфяным грунтам і глеем. Затопленыя тарфянікі і рэшткі вышэйшай воднай расліннасці з’яўляюцца крыніцай арганічнай часткі. У глеі ўтрымліваецца ў асноўным крэмній (50–70 %).
Берагавая лінія слабазвілістая (даўжыня 70 км), мае 4 вялікія залівы.
Берагі ў верхняй і ніжняй частцы нізкія (не вышэй за 2 м адносна нармальнага падпорнага ўзроўню), забалочаныя або ўмацаваныя насыпамі і дамбамі. Берагі інтэнсіўна размываюцца.
Замярзае на пачатку снежня (таўшчыня лёду да 50 см), ускрыццё адбываецца ў канцы красавіка.
У ліпені вада праграецца ў межах 18–18,5 °C.
Водзяцца шчупак, верхаводка, гусцяра, лешч, карась сярэбраны і залаты, акунь, карп, мянтуз, плотка, лінь, джгір.
Збудаванні гідравузела: плаціна (даўжыня 1,8 км, максімальная вышыня напору ў створы 4,5 м), 6 агараджальных дамбаў (тры перашкаджаюць пераліву водаў у рэкі Свіслач і Арэса, тры абараняюць найбліжэйшыя вёскі ад затаплення), вадаскід, 4 помпавыя станцыі. У ніжнім б’ефе плаціны Салігорскага вадасховішча размешчана Салігорская ГЭС.
Вадасховішча выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Старобінскі торфабрыкетны завод», для рэгулявання сцёку Случы, рэкрэацыі, заняткаў воднымі відамі спорту, аматарскага рыбалоўства.
На беразе вадасховішча размешчаны: санаторый «Бярозка» ААТ «Беларуськалій», ДУ «Рэспубліканская бальніца спелеалячэння».
Абслугоўваецца УП «Салігорскае ПМС».