СЛУЧ, Паўночная Случ, рака ў Слуцкім і Салігорскім раёнах Мінскай вобласці, Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці і на мяжы з Лунінецкім раёнам Брэсцкай вобласці
pdf

СЛУЧ

Дата стварэння: 31.10.2024 14:35:03

Дата змены: 08.01.2026 11:40:03


Случ

Іншыя назвы: Паўночная Случ.

Рака ў Слуцкім і Салігорскім раёнах Мінскай вобласці, Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці і на мяжы з Лунінецкім раёнам Брэсцкай вобласці. Даўжыня ракі 197 км.

Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі: рэкі Лакнея, Морач, Сівельга (справа), Вясейка (злева). У Случ перакінуты воды з ракі Лань (з 1965).

Пачынаецца ў межах Капыльскай грады на вышыні 166 м над узроўнем мора за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Крывая Града Слуцкага раёна, працякае па заходняй частцы Цэнтральна-Бярэзінскай раўніны і па нізіне Прыпяцкае Палессе, вусце за 6 км на паўночны ўсход ад вёскі Запроссе Лунінецкага раёна.

Плошча вадазбору 5 470 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 22,8 м³/с. У створы Случ — аграгарадок Ленін (45 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 17,6 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 96,1 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 4,4 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 8,9 м³/с. У створы Случ — вёска Кляпчаны (147 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 4,9 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 40 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 1,7 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 2,3 м³/с. Агульнае падзенне ракі 46,6 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,24 ‰. Гушчыня рачной сеткі каля 0,5 км/км². Лясістасць тэрыторыі вадазбору 55 % (лясы, змешаныя з перавагай хвойных парод).

Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецаідальная, шырынёй 0,5–1,5 км у верхнім, 1,5–2,5 км у сярэднім і ніжнім цячэнні, у вусці пашыраецца да 6 км і зліваецца з далінай Прыпяці.

Схілы спадзістыя, вышынёй 3–10 м, пераважна пясчаныя і супясчаныя.

Пойма двухбаковая, зрэдку чаргуецца па берагах, у вярхоўі шырынёй 100–400 м, ніжэй 1–1,2 км, у вусці да 4–5 км, пераважна роўная, забалочаная, парослая хмызняком, часам лесам, на асобных участках перасечана старымі рэчышчамі.

Рэчышча ў верхнім цячэнні шырынёй 6–25 м, да Салігорскага вадасховішча на працягу 71 км каналізаванае, ад вадасховішча да вусця ракі Морач плыткае, ніжэй звілістае, свабодна меандруе, шырынёй 20–40 м.

Вясновае разводдзе доўжыцца з сярэдзіны сакавіка да пачатку мая. На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 45 %, на летне-асеннюю межань — 32, на зімовую — 23 % аб’ёму гадавога сцёку. Сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 1,8 м у вярхоўі да 2,4 м у ніжнім цячэнні.

Замярзае ў канцы снежня, ускрыццё ракі ў канцы сакавіка.

Вясновы крыгаход у вярхоўі доўжыцца 8 сутак, а ў нізоўі — 3 сутак.

На гідралагічных пастах у вёсцы Кляпчаны Слуцкага раёна і аграгарадку Ленін Жыткавіцкага раёна вядуцца назіранні.

На рацэ размешчаны горад Слуцк і гарадскі пасёлак Старобін.

Вышэй гарадскога пасёлка Старобін створана Салігорскае вадасховішча.

Знаходзіцца ў межах ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць».