МОРАЧ, у верхнім цячэнні называецца Копанка; рака ў Капыльскім, Слуцкім, Клецкім і Салігорскім раёнах Мінскай вобласці
pdf

МОРАЧ

Дата стварэння: 31.10.2024 14:19:04

Дата змены: 29.12.2025 10:53:01


Мо́рач

У верхнім цячэнні называецца Копанка.

Рака ў Капыльскім, Слуцкім, Клецкім і Салігорскім раёнах Мінскай вобласці. Даўжыня 150 км.

Правы прыток ракі Случ (басейн ракі Прыпяць). Асноўныя прытокі: Удава, Мажа (справа), Волка, Вызенка (злева).

Плошча вадазбору 2030 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,7 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,5 ‰. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 29 %.

Пачынаецца каля вёскі Вошкаты Капыльскага раёна на вышыні 210 м над узроўнем мора ў межах Капыльскай грады, цячэ па паўночна-заходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны і паўночнай частцы нізіны Прыпяцкае Палессе. Упадае ў Случ за 1 км на паўночны захад ад вёскі Морач Салігорскага раёна.

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі трапецападобная, шырынёй 400–800 м.

Схілы спадзістыя, вышынёй 3–5 м. Пойма ў месцах, дзе даліна выражана, двухбаковая, моцна забалочаная, парослая хмызняком, шырынёй 100–200 м, парэзана меліярацыйнымі каналамі і старыцамі.

Берагі выпрастаныя.

Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня яго ў межань у верхнім цячэнні 2–4 м, у сярэднім — 20–25 м, каля Чырвонаслабодскага вадасховішча (плаціна за 50 км ад вусця ракі) 40–50 м. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 63 % аб’ёму гадавога сцёку.

Максімальны ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 2,4 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход працягваецца 5 сутак.

У рацэ водзяцца шчупак, лешч, акунь, плотка, джгір звычайны, гусцяра, карп, карась сярэбраны і інш.

Ніжэй ад вадасховішча рака ўваходзіць у склад Прыпяцкага гідралагічнага раёна.